12 і 13 ліпеня ў вадаёмах Беларусі загінула сем чалавек, паведамляе ў апэратыўных зводках Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, якія цытуе агенцтва «Позірк».
- Зь Нёману каля аграгарадку Магільна Уздзенскага раёну на Меншчыне дасталі цела пэнсіянэра 1960 году нараджэньня.
- У рацэ Мышанка каля вёскі Бярозкі Ляхавіцкага раёну на Берасьцейшчыне патануў мужчына 1987 г. н.
- Падлетак 2007 году нараджэньня загінуў у штучным вадаёме каля вёскі Грабаўка Гомельскага раёну.
- У рацэ Рось у пасёлку Краснасельскі Ваўкавыскага раёну на Гарадзеншчыне знайшлі цела жанчыны 1967 г. н.
- Цела мужчыны 1971 г. н. Дасталі з ракі Ўсьвяча ў аграгарадку Тарасенкі Віцебскага раёну.
- Мужчына 1970 г. н. патануў у возеры Бурыя ў аднайменнай вёсцы Лагойскага раёну на Меншчыне.
- У штучным вадаёме Гомля па вул. Аб’язной знайшлі мужчыну, які патануў. Яго асобу спрабуюць вызначыць.
Пра значны рост гібелі дзяцей, у тым ліку ў выніку ўтапленьня казала 5 ліпеня начальніца ўпраўленьня Генэральнай пракуратуры па наглядзе за выкананьнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Вікторыя Фіневіч.
Паводле яе, ад пачатку года ў краіне патанула 14 дзяцей, у тым ліку 9 — у чэрвені. Гэта адбылося «у тым ліку празь недагляд дарослых, якія не пракантралявалі належным чынам, дзе знаходзяцца іх дзеці, ці бясьпечна бавяць свой вольны час», сказала Фіневіч, падкрэсьліўшы, што «фактычна ўсе патанулыя на вадаёмах непаўналетнія былі пакінутыя без нагляду бацькоў».