«На ХАМАС ляжыць частка юрыдычнай, палітычнай, маральнай адказнасьці за працяг вайны на зьнішчэньне, якую вядзе Ізраіль у сэктары Газа. Мы заклікаем ХАМАС аддаць перавагу вышэйшым нацыянальным інтарэсам і не даваць акупацыйным уладам далейшыя падставы працягваць бойню», – зазначаецца ў паведамленьні адміністрацыі Махмуда Абаса.
Паведамленьне ў адрас ХАМАС зьявілася на наступны дзень, пасьля таго як Армія абароны Ізраілю нанесла ўдар па поўдні сэктара Газа, у раёне Хан-Юніса. Ізраільскі бок паведаміў, што адной з мэтаў атакі быў камандзір ваеннага крыла ХАМАС Мухамэд Дэйф, якога лічаць адным з арганізатараў нападу на Ізраіль 7 кастрычніка мінулага года.
Падкантрольнае ХАМАС Міністэрства аховы здароўя Газы паведаміла, што ракеты трапілі ў намётавы лягер уцекачоў. Загінулі, як сьцьвярджаецца, каля сотні чалавек, некалькі соцень атрымалі раненьні. Незалежнага пацьверджаньня гэтых зьвестак няма. Ізраільскае войска паведамленьне аб нападзе на лягер бежанцаў адпрэчыла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ХАМАС прыняў прапанову ЗША пачаць перамовы аб вызваленьні ізраільскіх закладнікаўРаней сёньня СМІ са спасылкай на высокапастаўленага прадстаўніка ХАМАС паведамілі, што палестынская групоўка выйшла зь перамоваў з Ізраілем аб перамір'і і вызваленьні закладнікаў, захопленых джыхадыстамі падчас атакі 7 кастрычніка. Прычынай рашэньня называліся «масавыя забойствы» палестынскага насельніцтва і магчымае забойства Мухамэда Дэйфа.
Пазьней ХАМАС абверг паведамленьне аб выхадзе з перамоваў, абвінаваціўшы Ізраіль у эскаляцыі канфлікту для таго, каб заблякаваць шлях да пагадненьня аб спыненьні агню.
Ізраіль апошнія паведамленьні ХАМАС пакуль не камэнтаваў.