Два чалавекі загінулі і сямёра, у тым ліку чацьвёра непаўналетніх, пацярпелі 13 ліпеня ў выніку руху актыўнага навальнічнага фронту, які суправаджаўся парывамі ветру да 22 м/с. Такія зьвесткі паведамляе штодзённая зводка МНС.
У лясным масіве на беразе Вялейскага вадасховішча, на тэрыторыі кемпінгу «Клёвае месца», упала дрэва і сьмяротна траўмавала грамадзяніна 1989 году нараджэньня, які працаваў апэратарам ТАА «Табак-Инвест».
У выніку падзеньня дрэва каля каналу Сьляпянскай воднай сыстэмы ў Менску, які ідзе ад вуліцы Мірашнічэнкі да Цнянскага вадасховішча, загінула грамадзянка 1998 году нараджэньня, а яе сяброўка 1999 г. н. шпіталізаваная.
Яшчэ некалькі чалавек у розных мясцовасьцях краіны траўмаваныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля сьпёкі на Беларусь абрынуліся ўраганы. У Менску загінула дзяўчына, парушана энэргазабесьпячэньне ў 452 населеных пунктахПраз парыў ветру з адміністрацыйнага будынку ў Менску па вуліцы Куйбышава, 45 (тэрыторыя завода «Гарызонт») упала шкло, аскепкамі якога траўмаваныя грамадзянка 1999 г. н. і яе брат 2007 г. н. Галінкай дрэва ў лесапаркавай зоне каля Камсамольскага возера ў Менску траўмаваны хлопчык 2015 г. н. На вуліцы Маласерабранскай, таксама ў Менску, ад парыву ветру абрынулася частка мураванай сьцяны прыватнага жылога дому. Элемэнтамі будаўнічых канструкцыяў траўмаваны грамадзянін 1990 г. н., які дэмантаваў сьцяну, ён шпіталізаваны.
У выніку парыву ветру ва Ўзьдзе Менскай вобласьці на бульвары Дзяржынскага на дзяўчынку 2021 г. н. перакуліўся надзіманы атракцыён, дзе на вышыні каля 6 мэтраў быў хлопчык 2018 г. н. Дзеці з траўмамі рознай ступені цяжкасьці шпіталізаваныя.
14 ліпеня сыноптыкі абяцаюць высокія тэмпэратуры. Да 36 градусаў цяпла з кароткачасовымі дажджамі па ўсёй тэрыторыі краіны. Такая сьпёка, як папярэджваюць у МНС, можа стаць прычынай парушэньня электразабесьпячэньня, узьнікненьня лясных пажараў і гэтак далей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі бура пашкодзіла дахі і паваліла дрэвы. На заўтра ў Беларусі аб'явілі аранжавы ўзровень небясьпекі