Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША назвала 20-гадовага Томаса Мэтʼю Крукса «субʼектам, які мае дачыненьне» да замаху на былога прэзыдэнта Дональда Трампа, гаворыцца ў заяве, якую цытуе Reuters.
Крукс жыў у Пэнсыльваніі і быў зарэгістраваны як рэспубліканец у сьпісах выбарнікаў штату.
Стральбу на мітынгу Трампа расьсьледуе ФБР як спробу замаху на кандыдата ў прэзыдэнты.
The New York Post таксама сьцьвярджае, што імаверны стралок — 20-гадовы амэрыканец Томас Мэтʼю Крукс.
Амэрыканскія СМІ пішуць, што ён быў на даху суседняга будынку прамысловага прадпрыемства. Каля забітага мужчыны знойдзена паўаўтаматычная вінтоўка AR-15, зь якой ён, імаверна, зрабіў да 10 стрэлаў.
У ФБР раней заявілі, што высьвятляюць асобу загінулага з дапамогай біямэтрычных зьвестак і ДНК, а таксама яго матывы. Ведамства папрасіла грамадзкасьць паведамляць любую інфармацыю, якая можа дапамагчы ў расьсьледаваньні.