Аўтары адкрытага ліста патрабуюць найперш спыніць агонь, абмяняць палонных і вярнуць закладнікаў, пачаць мірныя перамовы, а калі палітыкі не здольныя сёньня знайсьці мірнае рашэньне — перадаць яго ў рукі будучых пакаленьняў.
Сярод нобэлеўскіх ляўрэатаў, якія падпісалі ліст, і беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, якая атрымала прэмію па літаратуры за 2015 год.
«Наўпрост цяпер у сьвеце ня менш як 55 узброеных канфліктаў. Лякальных войнаў больш не існуе. Расейска-ўкраінскі канфлікт— упершыню за дзесяцігодзьдзі ідзе на эўрапейскім кантынэнце», — гаворыцца ў адкрытым лісьце.
Ліст адрасаваны Папе Рымскаму Францішку, Сусьветнаму патрыярху Варфаламею, Далай-ламе XIV, ваюючым бакам, ААН, Эўрапарлямэнту і Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Аўтары заклікалі рэлігійных дзеячаў далучыцца да іх закліку падчас Алімпіяды ў Парыжы.
«Колькасьць забітых і параненых у цэнтры Эўропы да канца гэтага года перавысіць 1 млн чалавек. Гэта — упершыню з часоў Другой сусьветнай вайны... За час гэтай вайны бюджэты на абарону ў сьвеце вырасьлі настолькі, што параўнальныя з рэсурсамі, дастатковымі, каб запаволіць глябальную зьмену клімату. Забіваючы адзін аднаго, людзі адначасова забіваюць плянэту», — гаворыцца ў лісьце.
Ляўрэаты заклікалі перадаць вырашэньне канфліктаў наступным пакаленьням, калі цяперашнія палітыкі не могуць дамовіцца. «Дайце магчымасьць нашым дзецям перажыць нас. Давайце не забіваць адзін аднаго, а ратаваць плянэту», — заклікаюць яны.