У Расеі ўпершыню за 40 гадоў не пакажуць Алімпіяду па тэлевізіі, паведамляе Sports.ru і іншыя выданьні.
Фэдэральныя тэлеканалы «Первый» і «Россия-1» адмовіліся ад трансьляцыяў Алімпіяды па палітычных матывах з прычыны «цяперашніх рэаліяў», сьцьвярджае Sports.ru. Раней пра тое, што тэлеканалы палічылі «няправільным» паказваць Алімпіяду, на якую дапусьцілі толькі некалькіх спартоўцаў з Расеі ў нэўтральным статусе, пісала «Комсомольская правда».
Перамовы аб набыцьці правоў на трансьляцыю спаборніцтваў вялі «Матч ТВ» і холдынг VK. Аднак у красавіку ўладальніка правоў на паказ Алімпіяды ў Расеі — кіраўніка «Телеспорта» Пятра Макаранку — арыштавалі па абвінавачаньні ў махлярстве. Акрамя таго, вынікае з публікацый СМІ, пасьля таго як стала вядома, што і некаторыя дапушчаныя да ўдзелу расейскія спартоўцы на гульні не паедуць, заключаць мільённыя кантракты аказалася немэтазгодным.
У выніку ні «Матч ТВ», ні VK правы не купілі і афіцыйна паказваць Алімпіяду, якая стартуе ўжо 26 ліпеня, ня будуць. Стрымінгавыя сэрвісы Okko і Wink таксама кантракты на трансьляцыю гульняў не заключалі.
Апошні раз Алімпійскія гульні ў Расеі не паказвалі па тэлебачаньні ў 1984 годзе, калі СССР іх байкатаваў.
Ці будуць паказваць Алімпійскія гульні ў Парыжы на беларускай тэлевізіі, пакуль да канца не зразумела. Затое вядома, што асьвятляць Алімпіяду ў Парыжы змогуць беларускія прапагандысты: акрэдытацыю ад Міжнароднага алімпійскага камітэту, сярод іншага, атрымалі дзяржаўныя прапагандысцкія выданьні БЕЛТА і «СБ. Беларусь сегодня», супрацоўнікі якіх уключаныя ў санкцыйныя сьпісы ЭЗ за прапаганду вайны Расеі ва Ўкраіне, а таксама прадстаўнікі сайта SPORT5.BY — супрацоўнікі тэлеканалу «Беларусь 5», які таксама знаходзіцца пад санкцыямі.
Жыхары Беларусі і Расеі ня змогуць глядзець і наступныя Алімпійскія гульні: раней Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) выключыў Беларусь і Расею зь ліку эўрапейскіх вяшчальнікаў Алімпійскіх гульняў у пэрыяд з 2026 па 2032 год.
- Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы 26 ліпеня — 11 жніўня 2024 году.
- 28 лютага 2022 году, празь некалькі дзён пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, МАК заклікаў спартовыя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з Расеі і Беларусі. Гэтую рэкамэндацыю неадкладна і масава прынялі да выкананьня, у выніку чаго расейскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.
- 25 студзеня 2023 году выканкам МАК пацьвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да Беларусі і Расеі з прычыны вайны супраць Украіны, аднак зазначыў, што ніводнаму спартоўцу нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах «толькі за яго пашпарт».
- 28 сакавіка МАК выпусьціў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расейскія атлеты могуць спаборнічаць «у якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў» (без выкарыстаньня сьцяга, гімна і іншай сымболікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны «актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеяньняў» і ня маюць дзейных кантрактаў зь сілавымі і вайсковымі ведамствамі сваіх краін.
- З аналягічнымі ўмовамі 8 сьнежня МАК дапусьціў індывідуальных спартоўцаў зь Беларусі і Расеі да ўдзелу ў Алімпіядзе-2024 у нэўтральным статусе.