Кобрынскі раённы савет дэпутатаў вырашыў перайменаваць вуліцу Каліноўскага ў Кобрыне. Адпаведная пастанова апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Мясцовыя дэпутаты пастанавілі перайменаваць вуліцу Кастуся Каліноўскага ў вуліцу Пятра Машэрава.
Адметнасьць сытуацыі ў тым, што ў Кобрыне ўжо была вуліца Пятра Машэрава, таму ўлады таксама пастанавілі зьмяніць яе назву — цяпер вуліца будзе мець назву Яловая.
Пастанова Кобрынскага раённага савету дэпутатаў была прынятая 26 чэрвеня.
У Беларусі ўлады апошнім часам імкнуцца пазбавіцца назваў, зьвязаных з Каліноўскім. Так, у сьнежні 2023 году ў Сьвіслачы перайменавалі гімназію Каліноўскага — цяпер яна носіць імя савецкай падпольшчыцы Васіленкі. У чэрвені сквэр на вуліцы Каліноўскага ў Менску атрымаў назву Яблыневы. У канцы траўня 2024 году прарасейская арганізацыя «Рух „Саюз“» зьвярнулася да Палаты прадстаўнікоў і Менскага гарсавету з прапановай перайменаваць вуліцу Каліноўскага ў Менску ў вуліцу 17 Верасьня, аднак супраць прапановы выступілі праўладныя камуністы.
Тым часам ва Ўкраіне пасьля пачатку расейскага ваеннага ўварваньня пачалі зьяўляцца вуліцы ў гонар беларусаў, якія загінулі ва Ўкраіне, а таксама беларускага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага, імём якога названы полк беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне.
Хто такі Кастусь Каліноўскі
Кастусь Каліноўскі, палітык, публіцыст, адзін зь лідэраў нацыянальна-вызваленчага паўстаньня беларусаў, палякаў і літоўцаў 1863-1864 гадоў. Ён стаў нацыянальным героем беларусаў.
Паўстанцкія атрады, узначаленыя Каліноўскім, дзейнічалі ў асноўным на тэрыторыі цяперашняй Беларусі і вялі ўзброеную барацьбу з войскамі Расейскай імпэрыі.
Паўстаньне Каліноўскага расейцы разграмілі. У студзені 1864 году Каліноўскага схапілі царскія жандары ў Вільні. Ваенна-палявы суд пастанавіў пакараць яго сьмерцю. Яму было 26 гадоў.
Парэшткі Кастуся Каліноўскага былі знойдзеныя і ўрачыста пахаваныя ў Вільні ў 2019 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каліноўскі, Геніюш, Быкаў... Што адбудзецца, калі ў нас адбяруць галоўныя імёны беларускай незалежнасьці