У міжнародным аэрапорце Катаніі, які знаходзіцца на італьянскім востраве Сыцылія, затрымалі чатырох беларусаў, якіх падазраюць у кантрабандзе цыгарэт, паведамляецца ў сумесным прэс-рэлізе Агенцтва па мытні і манаполіях і Фінансавай гвардыі Італіі.
Выпадкі незаконнага ўвозу цыгарэт выявілі ў пэрыяд з красавіка па ліпень 2024 году падчас праверак, якія праводзілі на рэйсах з Грэцыі (прамых і транзытных) у рамках барацьбы з кантрабандай тытунёвых вырабаў замежнай вытворчасьці.
За гэты пэрыяд у багажы чатырох грамадзян Беларусі (двое зь іх прыбылі з Салёнікаў транзытам праз Штутгарт і Атэны, яшчэ двое — прамым рэйсам з Атэнаў) знайшлі цыгарэты замежнай вытворчасьці без італьянскіх акцызных марак агульнай вагой 215,5 кг.
Цыгарэты кафіскавалі. Пасьля гэтага траіх беларусаў арыштавалі і перадалі ў распараджэньне судовых уладаў, яшчэ аднаго пакінулі на волі.
За кантрабанду цыгарэт у Італіі беларусам пагражае турэмнае зьняволеньне на тэрмін ад двух да пяці гадоў. Таксама на іх накладуць штраф у памеры 5,16 эўра за кожны ўмоўны грам тытуню, які яны перавозілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кантрабанду зь Беларусі ў Польшчы судзяць 17 чалавек. Пракурор запатрабаваў да 3 гадоў турмы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мытня Літвы: 82% кантрабандных цыгарэт — беларускай вытворчасьці, аб’ём кантрабанды падвоіўся