Паводле агенцтва ТАСС, самалёт разьбіўся пры выкананьні перагоначнага палёту пасьля плянавага рамонту. Ён ляцеў з авіяцыйнага заводу ў Лухавіцах ва Ўнукава. Выданьне Baza расказала, што незадоўга да падзеньня экіпаж падаў сыгнал бедзтва і самалёт пачаў рабіць кругі, выпрацоўваючы паліва перад аварыйнай пасадкай. Пры заходзе на трэці круг самалёт упаў.
Разьбіты лайнэр «Sukhoi Superjet 100» быў выпушчаны ў 2014 годзе і належаў кампаніі «Газпрам Авія». «Агенцтва. Навіны» паведамляе, што ў апошнія два гады з самалётам, які пацярпеў крушэньне, як мінімум двойчы здараліся паломкі.
На месца крушэньня непадалёк ад вёскі Апраксіна Маскоўскай вобласьці выехаў кіраўнік Каломны Аляксандар Грачышчаў. Паводле ягоных слоў, месца крушэньня ачэпленае. Самалёт упаў у лесе, пацярпелых сярод жыхароў раёну няма. Па факце катастрофы завялі крымінальную справу па артыкуле аб парушэньні правілаў бясьпекі руху і эксплюатацыі паветранага транспарту. Расьсьледаваньнем зоймецца Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт (МАК) з удзелам спэцыялістаў Расавіяцыі.
- Грамадзянскі самалёт «Sukhoi Superjet 100» быў распрацаваны расейскай кампаніяй «Цывільныя самалёты Сухога» з удзелам заходніх кампаній. З 2011 году на самалёт удалося знайсьці толькі двух замежных заказчыкаў: мэксыканскую Interjet і ірляндзкую Cityjet. Абедзьве авіякампаніі адмовіліся ад лайнэра з прычыны праблем з эксплюатацыяй і рамонтам.
- Пасьля пачатку ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ЗША, Эўразьвяз і шматлікія іншыя краіны наклалі на Расею эканамічныя санкцыі. У іх уваходзіць у тым ліку і забарона пастаўляць Расеі заходнія камплектуючыя для авіяцыі, у тым ліку для цывільных самалётаў. Забаронена таксама праводзіць тэхнічнае абслугоўваньне самалётаў расейскіх авіякампаній у краінах, якія далучыліся да санкцый.
- Цывільная авіяцыя Расеі мае значныя праблемы з рамонтам і падтрыманьнем свайго самалётнага парку — як імпартных самалётаў, так і лайнэраў расейскай вытворчасьці, у якіх выкарыстоўваюцца замежныя кампанэнты.
- У 2019 годзе Расея абвясьціла, што пачынае распрацоўваць новую вэрсію лайнэра «Sukhoi Superjet New». Яе анансавалі як практычна цалкам «імпартазамешчаную».