Спэцслужбы ЗША і Нямеччыны сарвалі замах на жыцьцё кіраўніка нямецкага канцэрну Rheinmetall Арміна Папэргера. Замах рыхтаваўся, як сьцьвярджаецца, на замову расейскіх уладаў, паведамляе CNN са спасылкай на пяць крыніц у спэцслужбах і органах улады ЗША і іншых краінаў Захаду.
Rheinmetall — найбуйнейшы нямецкі вытворца ўзбраеньня, якое пастаўляецца ў тым ліку Ўкраіне. Гаворка ідзе пра боепрыпасы і ваенную тэхніку.
Як сьцьвярджае CNN, Расея рыхтавала пляны забойства кіраўнікоў некалькіх абаронных прадпрыемстваў у Эўропе, пры гэтым падрыхтоўка замаху на Папэргера была на найбольш прасунутай стадыі. Спэцслужбы ЗША, як сьцьвярджаецца, даведаліся пра гэтыя пляны і папярэдзілі калегаў зь Нямеччыны, якім удалося перадухіліць замах. Выданьне CNN сьцьвярджае, што ягоныя крыніцы ў Бэрліне таксама пацьвярджаюць гэтую інфармацыю.
Тэлеканал згадвае сэрыю дывэрсіяў, зьдзейсьненых у апошнія некалькі месяцаў у шэрагу краінаў Эўропы, уключаючы Нямеччыну. Спэцслужбы і ўлады гэтых краін падазраюць у датычнасьці да іх Расею. Як правіла, дывэрсіі ажыцьцяўляюць сіламі найманых прадстаўнікоў крымінальнага сьвету. Аднак пра падрыхтоўку расейскімі спэцслужбамі замахаў на жыцьцё грамадзян заходніх краінаў, якія маюць дачыненьне да забесьпячэньня Ўкраіны зброяй, раней не паведамлялі.
«Мы бачым дывэрсіі, мы бачым падрыхтоўку замахаў, мы бачым падпалы. Мы назіраем рэчы, дзе гаворка ідзе аб чалавечым жыцьці», — прыводзіць CNN словы не названага па імені высокапастаўленага прадстаўніка NATO. Ён выказаў упэўненасьць, што за ўсімі гэтымі спробамі стаіць Расея і што яны будуць мець наступствы «стратэгічнага характару».
У Белым доме наўпрост не пацьвердзілі паведамленьні пра тое, што Расея рыхтавала замах на кіраўніка Rheinmetall, аднак заявілі, што Вашынгтон вельмі сур’ёзна ставіцца да расейскай дывэрсійнай кампаніі. У амбасадзе Нямеччыны ў ЗША і ў кампаніі Rheinmetall на запыты CNN адказваць адмовіліся, не дала адказу на запыт і амбасада Расеі ў Вашынгтоне. Раней Масква адмаўляла якое-небудзь дачыненьне да дывэрсіяў.
Брытанскія ўлады абвінавачваюць Расею ў арганізацыі замаху на Сяргея і Юлію Скрыпалёў у Солсбэры ў 2018 годзе. Меркаваны супрацоўнік ГРУ быў асуджаны ў Нямеччыне за забойства былога камандзіра чачэнскіх сэпаратыстаў, а спэцслужбы Гішпаніі, як паведамлялася, падазраюць Маскву ў арганізацыі забойства расейскага вайсковага лётчыка (афіцыйных абвінавачаньняў у гэтым выпадку не выстаўлялася). Пра тое, каб расейскія спэцслужбы рыхтавалі замахі на грамадзян заходніх краін, раней наўпрост не паведамлялі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Туск: сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю складаная; у апошнія тыдні спэцслужбы Польшчы спынілі спробы дывэрсіяў