На лаве падсудных пяць чалавек, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
У судзе Заводзкага раёну Менску 11 ліпеня пачаўся суд адразу над пяцьцю мясцовымі жыхарамі: Ігарам Дубоўскім, Сяргеем Марушыным, Леанідам Ціхановічам, Максімам Марцінчыкам, Ільлём Назаравым.
Усіх абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі («актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак»).
Справу разглядае судзьдзя Алена Капцэвіч, на чыім рахунку з 2020 году сама меней 39 прысудаў у палітычна матываваных крымінальных справах.
Падрабязнасьці справы праваабаронцам не вядомыя.
- Становішча з правамі чалавека ў Беларусі ўжо на працягу 4 гадоў пасьля пачатку апошняй выбарчай кампаніі вызначаюць шырокамаштабныя сыстэматычныя парушэньні абавязковых нормаў міжнароднага права, рэпрэсіі ў дачыненьні да палітычных праціўнікаў рэжыму і іншадумцаў, адвольны крымінальны і адміністратыўны перасьлед, які прыводзіць, сярод іншага, да пазбаўленьня волі, адзначаюць праваабаронцы.
- Ад пачатку кампаніі па выбарах прэзыдэнта 2020 году праваабарончая супольнасьць прызнала палітзьняволенымі ў Беларусі 3330 чалавек, зь якіх на канец чэрвеня 2024 году ў месцах зьняволеньня знаходзіліся 1413. Толькі за чэрвень праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі 58 чалавек.
- Працягваюцца рэпрэсіі супраць беларусаў за рэалізацыю імі сваіх грамадзянскіх правоў: у чэрвені «Вясьне» стала вядома прынамсі пра 222 выпадкі рэпрэсіяў (судоў і затрыманьняў, зьвязаных з крымінальным і адміністрацыйным перасьледам), у тым ліку сама меней пра 220 выпадкаў палітычна матываванага адміністрацыйнага разгляду ў судзе, 135 зь іх — за распаўсюд інфармацыі са сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў.