Сілавікі затрымалі мужчыну за данат палку імя Каліноўскага
Відэа з затрыманым апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал, піша «Медиазона».
На камэру затрыманы сказаў, што зрабіў грашовы перавод палку Каліноўскага ў 2022 годзе і гатовы пакрыць «шкоду».
Аўтары канала пішуць, што на мужчыну пачалі крымінальную справу і яму пагражае да 5 гадоў калёніі. Паводле якога артыкулу затрымалі мужчыну і дзе ён цяпер знаходзіцца, невядома.
Сілавікі затрымалі тату-майстра з Магілёва за татуіроўкі «нямецкай сымболікі»
Праўладны тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманым мужчынам. Ён расказаў, што працуе тату-майстрам у Магілёве, а таксама што набіваў сваім кліентам «нямецкую сымболіку» і ў самога на целе ёсьць татуіроўкі з такой сымболікай.
У роліку сілавіком паказваюць эскізы татуіровак з элемэнтамі нямецкай формы, сымболікай Трэцяга рэйха, а таксама партрэта Сталіна.
«Медыязона» знайшла старонку затрыманага ў сацсетках, там ён падпісаны як Дзяніс Гарбачоў.
У Мазыры за «распаўсюд экстрэмізму» пакаралі галоўную рэдактарку завадзкой газэты і спэцыяліста нафтаперапрацоўчага заводу
Паводле інфармацыі, атрыманай гомельскімі праваабаронцамі, 10 ліпеня затрымалі дваіх супрацоўнікаў Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. Гэта спэцыяліст завода Валеры Бойша і галоўная рэдактарка завадзкой газэты «Мозырский нефтепереработчик» Сьвятлана Богуш.
Іх абодвух затрымалі і засудзілі паводле часткі 2 артыкула 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэньнях — «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Прысуд, які работнікам МНПЗ вынесла судзьдзя Сьвятлана Буйнавец, высьвятляецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 4 ліпеня: затрыманьні за ўдзел у пратэстах, татуіроўку і за словы «Слава Ўкраіне!»Беларуса затрымалі за тое, што назваў супрацоўніка ДАІ «чык чырыкам»
Жыхар Берасьця выклаў у свой TikTok відэа, дзе бачна, як ён назваў супрацоўніка ДАІ «чык чырыкам».
Мужчыну прымусілі прасіць прабачэньня і казаць, што ён «любіць уладу і радзіму». У сацсетках затрыманы падпісаны як Максім Альварас.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 5 ліпеня: затрымалі індывідуальнага прадпрымальніка з ЖодзінаПачаўся працэс над палітвязьнем Дзьмітрыем Загалаўцом
У Віцебскім абласным судзе 11 ліпеня пачаўся суд за данаты паводле арт. 361-2 КК. над палітзьняволеным Дзьмітрыем Загалаўцом. Працэс вядзе судзьдзя Яўген Буруноў.
Летась яго ўжо асудзілі ў закрытым рэжыме да трох з паловай гадоў калёніі. Тады яго абвінавацілі ў «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК), «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК), «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 361-1 КК) і «фінансаваньні дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-2 КК).
Паводле вэрсіі абвінавачваньня, доўгі час мужчына ў інтэрнэце нібыта «агітаваў людзей выходзіць на барыкады, пускаць цягнікі пад адхоны, і ладзіць фізычныя расправы над сілавікамі». Дзьмітрыя затрымалі 20 студзеня 2023 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 10 ліпеня: беларуса затрымалі за тату з «Пагоняй»; у Гомлі за «экстрэмізм» судзілі цёзку гендырэктара «Гомсельмашу»