Сумесныя «антытэрарыстычныя» вучэньні на тэрыторыі расейскага хаўрусьніка недалёка ад польскай мяжы адбываюцца ў той час, калі лідэры краінаў NATO зьбіраюцца на саміт у Вашынгтоне, на парадку дня якога вайна ў суседняй Украіне, піша AFP.
Аналітыкі мяркуюць, што гэтымі манэўрамі Пэкін хацеў паслаць альянсу папярэджаньне з інфармацыяй аб часе правядзеньня вучэньняў.
Кітайска-беларускія вучэньні адбываліся і раней, але гэта першы раз з таго часу, як Расея ўварвалася ў суседнюю Ўкраіну, хаўрусьніка NATO, у лютым 2022 году. Вучэньні пачаліся 8 ліпеня ў Берасьці, горадзе на мяжы з Польшчай, гаворыцца ў заяве, апублікаванай у сераду Міністэрствам абароны Кітаю. Таксама там сказана, што манэўры працягнуцца да сярэдзіны ліпеня, але не паведамляецца дакладнай колькасьці кітайскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у іх.
Абодва бакі працуюць над «паляпшэньнем баявой тэхнікі і паглыбленьнем супрацоўніцтва і сувязяў паміж двума войскамі», — дадаецца ў заяве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайскоўцы Беларусі і Кітая ладзяць сумесныя вучэньні каля мяжы з Польшчай і ЎкраінайКітайскія чыноўнікі настойвалі на тым, што вучэньні не накіраваныя супраць якой-небудзь канкрэтнай краіны. Але Міністэрства абароны Польшчы крытыкуе тэрміны правядзеньня вучэньняў. Нягледзячы на невялікія маштабы, вучэньні па-ранейшаму прадугледжваюць разьмяшчэньне войскаў Кітая на парозе NATO і ў краіне, якую Расея выкарыстоўвала ў якасьці стартавай пляцоўкі для свайго ўварваньня ва Ўкраіну.
Аналітыкі мяркуюць, што дата і месца правядзеньня вучэньняў выбраныя невыпадкова. Яны перакананыя, што Кітай хацеў зрабіць пасланьне NATO.
«Шматбаковыя вучэньні часта выкарыстоўваюцца, каб адправіць палітычныя сыгналы», — сказала агенцтву AFP Келі Грыка з аналітычнага цэнтру замежнай палітыкі і абароны Стымсана.
Яна адзначае, што ў пэрыяд з 2011-га па 2018 год. Кітай ужо чатыры разы праводзіў антытэрарыстычныя вучэньні ў Беларусі, але пасьля гэтага не рабіў. Тое, што яны адбываюцца «так блізка да мяжы, таксама зьяўляецца часткай сыгналу», дадала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску зноў заявілі аб імаверных дывэрсіях і нарошчваньні войскаў каля Беларусі. Што з гэтымі заявамі ня такКраіны часта арганізуюць свае сумесныя вучэньні, каб супадаць з падзеямі за мяжой — не ў апошнюю чаргу Кітай, дадала Эліс Экман, старшы аналітык па Азіі Інстытуту дасьледаваньняў бясьпекі Эўрапейскага зьвязу (EUISS).
«У красавіку 2023 году кітайцы правялі вучэньні з Расеяй ва Ўсходне-Кітайскім моры, недалёка ад Японскіх астравоў, напярэдадні трохбаковага саміту ЗША, Японіі і Паўднёвай Карэі, каб паказаць сваю апазыцыю правядзеньню такога саміту», — сказала Экман AFP.
Падобным чынам Кітай арганізаваў вайсковыя манэўры ў Паўднёва-Кітайскім моры ў траўні 2024 году, калі сустрэча ЗША, Японіі, Філіпінаў і Аўстраліі была ў самым разгары, дадала яна.
Пэкін занепакоены пашырэньнем ролі Альянсу ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, і без таго кепскія адносіны працягваюць пагаршацца.
Прычыны набываюць «усё больш стратэгічны характар, паколькі пагроза з боку Кітаю становіцца неад’емнай часткай стратэгічнага мысьленьня арганізацыі», дадала Экман.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь згадалі ў Дэклярацыі саміту NATO як дзяржаву, што спрыяе вайне