Кіраўнікі краінаў і ўрадаў сяброў NATO выпусьцілі сумесную Дэклярацыю. У дакумэнце аўтары называюць арганізацыю «наймацнейшым альянсам у гісторыі», адзначаюць прыняцьце ў арганізацыю новых сяброў — Фінляндыі і Швэцыі.
У пункце 24 Дэклярацыі згадваюць Беларусь, а менавіта тое, што яна працягвае спрыяць вайне, робіць сваю тэрыторыю даступнай. А Расея працягвае паглыбляць палітычны і вайсковы ўплыў на Беларусь, уключна з разгортваньнем сваіх тэхнікі і пэрсаналу ў краіне. Гэта мае свой нэгатыўны ўплыў на стабільнасьць рэгіёну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн адкрыў юбілейны саміт NATO з абвяшчэньня новай вайсковай дапамогі ЎкраінеТаксама ў пункце 19 Беларусь згадваецца ў кантэксьце расейскай ядзернай рыторыкі.
«Мы асуджаем безадказную ядзерную рыторыку і прымусовую ядзерную сыгналізацыю Расеі, у тым ліку абвешчанае разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі, якія дэманструюць пазыцыю стратэгічнага запалохваньня. Расея ўзмацніла сваю залежнасьць ад сыстэмаў ядзернай зброі і працягвала дывэрсыфікаваць свае ядзерныя сілы, у тым ліку шляхам распрацоўваньня новых ядзерных сыстэмаў і разгортваньня сродкаў нанясеньня удараў малой і сярэдняй далёкасьці з падвойным узбраеньнем, што ўяўляе ўсё большую пагрозу для Альянсу.
Расея парушала, выбарачна выконвала і адыходзіла ад даўніх абавязаньняў у кантролі над узбраеньнямі, тым самым падрываючы глябальную архітэктуру кантролю над узбраеньнямі, раззбраеньнем і нераспаўсюджаньнем. Мы выступаем супраць любога разьмяшчэньня ядзернай зброі на арбіце вакол Зямлі, якое парушае артыкул IV Дамовы аб космасе і сур’ёзна пагражае глябальнай бясьпецы. Мы глыбока занепакоеныя паведамленьнямі аб выкарыстаньні Расеяй хімічнай зброі супраць украінскіх сілаў».
Асобна ў Дэклярацыі зьмяшчаюцца 6 пунктаў абяцаньня доўгатэрміновай бясьпекі Ўкраіны. Сярод іншага, там ідзе размова пра гарантыі далейшай падтрымкі Кіева ў барацьбе з расейскай агрэсіяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанскі прэм'ер: Украіна можа біць нашымі ракетамі па Расеі