Міграцыя беларускага бізнэсу ў Польшчу імкліва расьце, а вось у Літву — скарачаецца, зазначаюць спэцыялісты Цэнтру эканамічных дасьледаваньняў BEROC. Адна з асноўных цяжкасьцяў — легалізацыя супрацоўнікаў.
Паводле дасьледаваньня BEROC, у Літве з 2020 па 2022 год назіраўся рост кампаній зь беларускім капіталам, іх колькасьць дасягнула 1350. А вось з 2023 году назіраецца іх скарачэньне — мінус 37% за год, на канец году ў Літве засталося 850 кампаній зь беларускім капіталам. Даходы бізнэсу таксама зьнізіліся, адзначаецца ў дасьледаваньні.
Латвія пасьля росту колькасьці кампаній зь беларускімі каранямі ў 2020–2022 гадах да 400 таксама пачала губляць беларускі бізнэс (мінус 7,5% за 2023 год). Скарачэньне колькасьці кампаній у Літве і Латвіі магло быць зьвязана як з больш прывабнымі ўмовамі для вядзеньня бізнэсу і эміграцыі ў іншых краінах, напрыклад, у Польшчы, так і з узмацненьнем жорсткасьці кантролю за беларускім бізнэсам у сувязі з імавернасьцю яго ўдзелу ў абходзе санкцыяў, а таксама з «ахаладжэньнем» стаўленьня да беларусаў у цэлым пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне.
Для параўнаньня: на канец 2023 году ў Польшчы зарэгістравана 6826 кампаній зь беларускімі каранямі. Рост пачаўся з 2020 году, калі былі адкрытыя 454 прадпрыемствы. Пры гэтым самы істотны рост рэгістрацыі кампаній зь беларускімі каранямі ў Польшчы назіраўся зь сярэдзіны 2022 да канца 2023 году: у 2022 годзе было зарэгістравана ўдвая больш новых фірмаў зь беларускім капіталам, чым у 2021-м, у 2023-м — каля 1800 новых кампаній.
Дасьледчыкі пералічваюць асноўныя праблемы, зь якімі сутыкнуўся беларускі бізнэс: складанасьці зь легалізацыяй супрацоўнікаў і кампаній, адкрыцьцём рахункаў у банках і разьлікамі зь беларускімі контрагентамі, нэгатыўны імідж Беларусі, нізкая даступнасьць фінансаваньня.
«Праблема — дыскамфорт у людзей праз пастаяннае абмеркаваньне гісторый з дэпартацыяй беларусаў, пазбаўленьнем ДНЖ, прыраўноўваньнем беларусаў да расейцаў. Гэта падштурхоўвае да развагаў пра зьмену краіны», — адзначыў адзін з удзельнікаў дасьледаваньня.
Сярод унутраных праблемаў прадстаўнікі рэлякаваных кампаній называлі складанасьць вядзеньня бізнэсу на некалькі краін і неабходнасьць кіраваць часткай каманды дыстанцыйна, высокую эмацыйную нагрузку і рост затрат. Супрацоўнікам, якія пераехалі ў ЭЗ, прыйшлося плаціць больш, вырасьлі і падаткі. Новыя рынкі не заўсёды кампэнсуюць страчаных кліентаў у Расеі і Беларусі — неабходна пераглядаць стратэгію і бізнэс-мадэль, шукаць новыя рынкі і нішы.
- Паводле Дэпартамэнту міграцыі, за год прырост беларусаў у Літве скараціўся ў 26 разоў: калі ў першым паўгодзьдзі 2023 году ў Літву прыехалі 9543 чалавекі, дык за першыя паўгода 2024 году — усяго 368. Пры гэтым беларусы ўсё яшчэ застаюцца другой паводле колькасьці дыяспарай у Літве — 62 535 чалавек, зь іх 4,5 тысячы працуюць у IT і сфэры фінансавых тэхналёгіяў. На першым месцы застаюцца ўкраінцы (76 тысяч), на трэцім — расейцы (15 тысяч).