Беларускія мытнікі знайшлі ў кабіне аўтамабіля дальнабойніка калекцыю манэтаў Нямеччыны пэрыяду Трэцяга рэйху. На яго завялі крымінальную справу за «прапаганду нацысцкай сымболікі або атрыбутыкі» (артыкул 341-1 КК), піша прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэту.
Машыну спынілі ў пункце пропуску «Каменны Лог». Пры праверцы грузавіка, які прыбыў зь Літвы, мытнікі знайшлі ў кабіне каля 540 манэтаў 1937–1939 гадоў выпуску вартасьцю ў 2 рэйхсмаркі. На манэтах Трэцяга рэйху была выяўлена нацысцкая свастыка.
30-гадовага дальнабойніка адразу аштрафавалі за парушэньне парадку дэклярацыі тавараў (частка 4 артыкулу 15.5 КаАП), а затым завялі на яго крымінальную справу за «прапаганду нацысцкай сымболікі або атрыбутыкі».
Пакуль дзяржаўныя службы не паведамлялі, затрыманы кіроўца ці яго адпусьцілі да суду. Справай займаецца Ашмянскі РУУС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацбанк Беларусі выпусьціў незвычайныя прастакутныя манэты. Фота ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто насамрэч апраўдвае нацызм і чаму небясьпечна казаць пра «генацыд беларускага народу»