Ціханоўская бярэ ўдзел у імпрэзах да саміту NATO ў Вашынгтоне

Сьвятлана Ціханоўская і сэнатарка Кангрэсу ЗША Джын Шагін

Сьвятлана Ціханоўская наведвае Вашынгтон з 9 па 12 ліпеня 2024 году. Яна ўдзельнічае ў Публічным форуме NATO на запрашэньне Генэральнага сакратара альянсу Енса Столтэнбэрга.

У траўні 2024 году Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўніцтвам NATO і выступіла перад Паўночнаатлянтычнай радай у Бруселі.

Падчас візыту ў Вашынгтон Сьвятлана Ціханоўская выступіць на шэрагу імпрэз, дзе раскажа пра бягучую сытуацыю ў Беларусі, гібрыдныя атакі рэжыму Лукашэнкі супраць Польшчы, Літвы і Латвіі, разьмяшчэньне ядзернай зброі і магчымыя сцэнары разьвіцьця падзеяў, паведаміла яе прэсавая служба:

«Сьвятлана Ціханоўская таксама абмяркуе важную ролю Беларусі для рэгіянальнай стабільнасьці і бясьпекі, асабліва ў сьвятле расейскай агрэсіі супраць Украіны. Яна выступіць перад шэрагам амэрыканскіх і міжнародных СМІ пра барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі і шырэйшыя пытаньні рэгіянальнай бясьпекі».

З нагоды паездкі на саміт NATO Ціханоўская падкрэсьліла:

«Я радая, што дэмакратычныя сілы ў Беларусі пачынаюць дыялёг з NATO. Альянс заснаваны на каштоўнасьцях, якія блізкія беларусам, — свабода, правы чалавека, дэмакратыя і вяршэнства права. Я лічу, што для кожнай эўрапейскай краіны неабходна будаваць паважлівыя і канструктыўныя адносіны з NATO.

Гэта важна і для Беларусі, для нашых нацыянальных інтарэсаў і для падтрыманьня рэгіянальнай бясьпекі. Я б хацела, каб Беларусь успрымалася як надзейны, мірны і прадказальны партнэр.

Беларусь павінна быць успрынятая ня толькі як пагроза, але і як магчымасьць. Беларусь нельга пакінуць Пуціну ў якасьці суцяшальнага прызу. Падчас саміту ў мяне будзе магчымасьць пагаварыць з прадстаўнікамі і саюзьнікамі NATO пра далейшы дыялёг, абмен інфармацыяй і супрацоўніцтва ў мэдыяполі».


Ціханоўская ўжо правяла некалькі сустрэч у Вашынгтоне. Сярод іншага яна сустрэлася з сэнатаркай Джын Шагін, сустрэча адбылася ў брытанскай амбасадзе падчас выступу новага міністра абароны Вялікай Брытаніі.

Шагін зьяўляецца лідэркай беларускага кокусу ў Сэнаце, актыўна выступае за вызваленьне палітвязьняў, у падтрымку мэдыя і грамадзянскай супольнасьці.

Сьвятлана Ціханоўская і міністарка замежных спраў Канады Мэляні Жалі

Святлана Ціханоўская таксама пагутарыла з канадзкай міністаркай замежных спраў Мэляні Жалі.

Бакі абмеркавалі падтрымку для беларускіх незалежных мэдыя праз новую праграму, запушчаную Канадай пасьля мінулага візыту Ціханоўскай у гэтую краіну, дамовіліся, што праграма гэтая будзе працягнутая і пашыраная.

Паводле прэсавай службы Ціханоўскай, таксама абмеркавалі, каб Канада ўводзіла індывідуальныя санкцыі супраць памагатых рэжыму Лукашэнкі, тых, хто спрыяе ў вайне і ўдзельнічае ў рэпрэсіях супраць беларусаў. Сярод іншага Ціханоўская расказала пра сытуацыю зь беларускімі палітвязьнямі, асабліва пра тых, каго трымаюць інкамунікада.

Пазьней Ціханоўская прыме ўдзел у Публічным форуме NATO.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн адкрыў юбілейны саміт NATO з абвяшчэньня новай вайсковай дапамогі Ўкраіне