«20 тысяч толькі тых, каго мы пацьвердзілі, (пра каго) знайшлі інфармацыю. Асноўная праблема — гэта тое, што ў мяне няма мэханізму, як пацьвердзіць, што такі хлопчык ці дзяўчынка знаходзяцца ў канкрэтным месцы на тэрыторыі Расеі або на часова акупаванай тэрыторыі Ўкраіны, якіх або дэпартавалі, або прымусова перамясьцілі», — расказаў украінскі амбудсмэн у правах чалавека Дзьмітро Лубінец.
Ён таксама дадаў, што даслаў запыт у некалькі міжнародных арганізацыяў, каб вырашыць гэтую праблему, у прыватнасьці ў Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа і Арганізацыю Аб’яднаных Нацый, аднак ніякага садзейнічаньня ў вырашэньні праблемы не атрымаў.
Паводле Лубінца, акрамя вывезеных дзяцей, на тэрыторыі Расеі знаходзяцца каля 14 тысяч цывільных палонных.
- 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і расейскай дзіцячай амбудсмэнкі Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый.
- Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца таго ж у адносінах да Лукашэнкі, бо Беларусь таксама арганізоўвае вываз украінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй раёнаў Украіны на сваю тэрыторыю нібыта на «аздараўленьне». Матэрыялы з доказамі перадалі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе.
- Паводле розных ацэнак, з пачатку вайны ў Беларусь вывезьлі сама меней 2,5 тысячы дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны. Датычнымі да гэтай дзейнасьці называюць Аляксея Талая і ягоны фонд, ААТ «Беларуськалій», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж і інш. Ёсьць пэўныя сьведчаньні, што ў Беларусі займаюцца «перавыхаваньнем» прывезеных дзяцей у духу любові да Расеі.
- Аляксея Талая і ягоны фонд уключылі ў 13-ы пакет санкцый ЭЗ супраць Расеі, прыняты 23 лютага 2024 году. Пад санкцыі ЗША ён трапіў напярэдадні другой гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі ва Ўкраіне. Ва Ўкраіне дзейнасьць Аляксея Талая зьяўляецца прадметам расьсьледаваньня крымінальнай справы паводле дзьвюх першых частак артыкулу 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (парушэньне законаў і звычаяў вайны).