Беларус, які кінуў «кактэйлі Молатава» ў каралеўскі замак у Осла (Нарвэгія), мае інваліднасьць, кажа, што зрабіў гэта з чыстага адчаю, і цяпер супрацоўнічае са сьледзтвам, паведамляе выданьне TV 2.
Затрыманаму беларусу 57 гадоў. 9 ліпеня яго дапыталі ў паліцыі. Там ён падрабязна расказаў пра інцыдэнт, які адбыўся 8 ліпеня, і пра яго прычыну. Як сказала выданьню адвакатка беларуса Марыяна Лозіч, ён кажа, што дзейнічаў «ад чыстага адчаю» і не хацеў нанесьці нікому шкоды, ягоны ўчынак быў крыкам аб дапамозе. Паводле адвакаткі, сваім учынкам мужчына спадзяваўся прыцягнуць увагу СМІ.
«Ён лічыць, што па ўсёй Эўропе сутыкаецца з парушэньнямі правоў чалавека, што не атрымлівае патрэбнай дапамогі як чалавек з інваліднасьцю. Гэта была адчайная спроба атрымаць дапамогу», — патлумачыла Марыяна Лозіч.
Выданьню вядома, што беларуса раней дэпартавалі з Эўразьвязу, а таксама Нарвэгіі, Ісьляндыі, Швайцарыі і Ліхтэнштэйну з забаронай на ўезд на працягу 10 гадоў. Адпаведны дакумэнт апублікавала ў траўні 2024 году пракуратура Нідэрляндаў. Паводле адвакаткі, мужчына «хацеў прыехаць у краіну з дэмакратычнымі каштоўнасьцямі», якая не зьяўляецца часткай ЭЗ, «зь якога ён хацеў выехаць», — так ён апынуўся ў Нарвэгіі. Адвакатка ня стала расказваць падрабязнасьці таго, як беларус трапіў у краіну.
На думку Марыяны Лозіч, мужчына дакладна ня ведаў, у які будынак кідае бутэлькі з запальнай сумесьсю, і імаверна думаў, што гэта будынак парлямэнту Нарвэгіі, бо зьдзівіўся, калі даведаўся, што напаў на каралеўскі палац.
«Ён, напэўна, думаў, што гэта Стортынг, таму што там сядзяць тыя, хто прымае рашэньні ў краіне, і яны павінны расплюшчыць вочы на парушэньні правоў чалавека ў адносінах да людзей з інваліднасьцю», — кажа адвакатка.
Паводле адвакаткі, мужчына кажа, што дбаў аб тым, каб ніхто не пацярпеў, і пераканаўся, што паблізу не было людзей.
Цяпер беларус, паводле Марыяны Лозіч, «поўны рашучасьці панесьці пакараньне» за свой учынак і супрацоўнічае са сьледзтвам, але «ўсё ж спадзяецца, што гэта выкліча дастатковую цікавасьць» да праблемаў людзей з інваліднасьцю.
Затрыманаму прад’явілі абвінавачаньне ў нанясеньні сурʼёзнай шкоды і захоўваньні запальных бомбаў. Меру стрыманьня абяруць 10 ліпеня.
Паводле інфармацыі выданьня, у ноч перад здарэньнем беларус спаў каля амбасады Канады ў Осла. Калі яна адчынілася, ён паспрабаваў перадаць сваё паведамленьне і папрасіць прытулку ў Канадзе, бо «не хацеў мець нічога агульнага з Эўропай». Калі яго не зразумелі ў канадзкай амбасадзе, ён вырашыў зьвярнуць на сябе ўвагу іншым чынам. TV 2 зьвязаўся з амбасадай Канады ў Осла, але там адмовіліся гэта камэнтаваць.
- 8 ліпеня беларус кінуў запальную сумесь у дзьверы каралеўскага палаца ў Осла. У гэты час у будынку знаходзіліся амаль 180 чалавек, у тым ліку чалец каралеўскай сямʼі. Звонку сьцяны ўспыхнула полымя, агонь хутка патушылі. Дзьверы палаца сурʼёзна не пацярпелі, іншых пашкоджаньняў не было.