Яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў экстрэмісцкай супольнасьці.
Як паведамілі 9 ліпеня ў судзе, Навальная паводле хадайніцтва сьледзтва арыштаваная на два месяцы. Тэрмін будзе вылічацца з моманту экстрадыцыі на тэрыторыю Расеі альбо з моманту яе затрыманьня на тэрыторыі краіны.
«Ой, а што, ня будзе звычайнай працэдуры? Замежны агент, потым завядзеньне крымінальнай справы, потым ужо арышт?! Калі будзеце пісаць пра гэта, не забудзьцеся, калі ласка, напісаць галоўнае: Уладзімір Пуцін — забойца і ваенны злачынец. Яго месца ў турме, і ня дзе-небудзь у Гаазе, ва ўтульнай камэры з тэлевізарам, а ў Расеі — у такой жа калёніі і такой жа камэры два на тры мэтры, у якой ён забіў Аляксея», — пракамэнтавала Юлія Навальная навіну пра яе арышт у сацыяльнай сетцы Х.
У паведамленьні прэс-службы маскоўскіх судоў гаворыцца, што Юлію Навальную таксама абвясьцілі ў вышук. Пры гэтым на момант публікацыі гэтай інфармацыі ў базе вышуку МУС карткі на імя Навальнай не было, зазначае «Медиазона». Выданьне таксама піша, што на сайце маскоўскіх судоў няма ніякай інфармацыі пра тое, што адбылося пасяджэньне Басманнага суду. Гэта значыць, зьвесткі пра яго былі спэцыяльна схаваныя, каб ніхто ня мог назіраць за судом, які па змаўчаньні праходзіць у адкрытым рэжыме, гаворыцца ў публікацыі.
Паводле прадʼяўленага абвінавачаньня ўдаве Аляксея Навальнага пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра Юлію Навальную, якая заявіла, што працягне справу памерлага ў расейскай турме мужа- Аляксей Навальны памёр 16 лютага ў папраўчай калёніі асаблівага рэжыму ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе за Паўночным палярным кругам. Палітыку было 47 год.
- Па выніках ускрыцьця сьмерць Навальнага прызналі натуральнай, вынікае з падрыхтаванага ўладамі мэдычнага пасьведчаньня. Паплечнікі і сямʼя Навальнага не казалі, ці будзе паўторная экспэртыза. Расейскія праваабаронцы кажуць, што Навальнага, магчыма, перад сьмерцю катавалі.
- 19 лютага жонка памерлага расейскага палітыка Аляксея Навальнага Юлія выпусьціла відэазварот, у якім заявіла, што працягне справу мужа.