Ваяводзкі адміністрацыйны суд у Варшаве 9 ліпеня адмяніў рашэньне аб пазбаўленьні сталага дазволу на жыхарства гарадзенца Паўла Юшкевіча, які жыве ў Торуні, паведамляе Hrodna.life.
У судзе адвакат Юшкевіча Міхал Хайдук паведаміў, што Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы (ABW) зьмяніла меркаваньне аб тым, што Павал уяўляе небясьпеку для Польшчы. Сваё меркаваньне польскія спэцслужбы зьмянілі ў лютым 2024 году.
Адвакат Міхал Хайдук распавёў, што пасьля зьмены рашэньня спэцслужбаў чакаў, што справа скончыцца пазытыўна для кліента. Паводле адваката, калі б ня гэта — рашэньне магло б быць іншым, хаця суд і прызнаў, што інфармацыя ў засакрэчанай частцы даволі агульная.
Раней Павал падаў заяву на міжнародную абарону. Цяпер, калі ў яго зноў ёсьць ДНЖ, гэта стала неактуальным. Далейшыя крокі Павал абмяркуе з адвакатам.
«Першае — хачу атрымаць свой пашпарт, які забралі пры падачы на міжнародную ахову. І заплянаваць адпачынак і палепшыць сваё здароўе. Таму што за гэтыя паўгода маё здароўе пасыпалася і нейкія хваробы чапляюцца. Давялося таксама да псыхолягаў зьвяртацца і браць лекі», — сказаў Павал Юшкевіч пасьля суду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 30 дзён, каб сабраць рэчы. Грамадзяніна Беларусі могуць выслаць з Польшчы, а ён не разумее, чаму- Павал Юшкевіч — ураджэнец Гарадзенскай вобласьці, паляк па нацыянальнасьці, у Польшчу пераехаў зь сям’ёй у 2008 годзе ва ўзросьце 17 гадоў. Зьяўляецца выпускніком унівэрсытэту імя Мікалая Каперніка ў Торуні, дзе і пражывае. Мае ступень бакаляўра расейскай філялёгіі, піша доктарскую дысэртацыю, уключаны ў залатую кнігу выпускнікоў торуньскай ВНУ. Працуе выкладчыкам, мае свой бізнэс.
- У 2008 годзе атрымаў пастаянны дазвол на жыхарства на падставе польскіх каранёў. У 2012-м Павал падаў дакумэнты на польскае грамадзянства, але яму адмовілі: прычыну патлумачылі коратка — знаходжаньне Паўла ў краіне можа ствараць пагрозу для бясьпекі Польшчы. Такое заключэньне зрабіла Агенцтва ўнутранай бясьпекі краіны (ABW). Чаму такую характарыстыку яму напісалі спэцслужбы, Павал дагэтуль ня ведае — ейны зьмест засакрэчаны. Спробы даведацца выніку не далі нават праз суды.
- У студзені 2024 году ў Паўла забралі дазвол на жыхарства, які яму выдалі ў 2008 годзе і запатрабавалі ад яго цягам 30 дзён выехаць з Польшчы — у адваротным выпадку яго маглі дэпартаваць у Беларусь. Ён мусіў пакінуць Польшчу да 4 лютага 2024 году, але падаў заяву на міжнародную абарону і зьвярнуўся ў суд. Дыяспара арганізавала акцыі салідарнасьці зь ім.
- Павал Юшкевіч мяркуе, што вяртацца на радзіму для яго небясьпечна. З 2006 году ён быў беларускім актывістам у Польшчы, зьвяртаў увагу на сытуацыю ў Беларусі, ладзіў з паплечнікамі беларускія дні, беларускія канфэрэнцыі. Ён адзін зь лідэраў беларускай дыяспары ў Торуні. У Беларусі быў у апошні раз у 2019 годзе.