У Гомельскім абласным судзе 9 ліпеня разглядаюць скаргу на рашэньне суду Савецкага раёну наконт пазову да вайсковай часткі аб кампэнсацыі маральнай шкоды, паведамляе «Флагшток».
Пазоўнікам указаны Віктар Каламіец — верагодна, гэта бацька Сяргея Каламійца, які загінуў у канцы 2022 году ў аварыі з удзелам вайсковага аўтамабіля «ЗіЛ».
Трагедыя адбылася 28 сьнежня 2022 году. Позна ўвечары на трасе Гомель — Менск 46-гадовы Сяргей Каламіец на аўтамабілі «Івэка» ўрэзаўся ў «ЗіЛ», які спыніўся з прычыны тэхнічнай няспраўнасьці. Ад атрыманых траўмаў кіроўца «Івэка» памёр на месцы. Ён не заўважыў вайсковага грузавіка, прызначанага для транспартаваньня і загрузкі ракет у РСЗА «Ураган», які стаяў у паласе, мяркуючы па ўсім, без габарытных агнёў і сьвятлоадбівальнікаў. У той пэрыяд Узброеныя сілы Беларусі пераганялі тэхніку.
Фатаздымкі аварыі з вайсковым грузавіком першапачаткова апублікавала УУС Гомельскага аблвыканкаму, але хутка выдаліла іх са сваёй старонкі і запатрабавала таго ж самага ад іншых гарадзкіх паблікаў . Блізкія загінулага некалькі месяцаў праз сацсеткі спрабавалі знайсьці сьведак аварыі, каб даказаць, што грузавік Мінабароны ня быў пазначаны аварыйнай сыгналізацыяй.
У Сяргея засталося двое дзяцей. Ён працаваў у транспартнай кампаніі «Гаранттрансбізнес», якая пазначаная ў пазове суадказчыкам. Галоўны адказчык — вайсковая частка № 12147 у Асіповічах (51-я гвардзейская артылерыйская брыгада).
Пазоў аб кампэнсацыі маральнай шкоды, які сямʼя раней падала да вайсковай часткі, верагодна, ня быў задаволены або задаволены ня ў поўнай меры, і сваякі Сяргея праз паўтара года пасьля ягонай сьмерці працягваюць дамагацца кампэнсацыі праз суд.
Яшчэ адзін ускосны доказ таго, што ў судзе разглядаюць пазоў менавіта па той аварыі, — фота аўтапарку прадпрыемства «Гаранттрансбізнес», якое праходзіць суадказчыкам па справе. На паркоўцы фірмы стаяць такія ж аўтамабілі «Івэка», як і той, што трапіў у аварыю, а на заднім пляне відаць аўтамабіль зь лягатыпам «Савушкін» — такі самы лягатып быў на аўтамабілі, якім кіраваў Сяргей Каламіец.
Супадае і нумар вайсковай часткі, якая ў тыя дні перакідала тэхніку на Гомельшчыну. За некалькі дзён да аварыі на гэтай трасе фіксавалі «Ўраганы» асіповіцкай артылерыйскай брыгады. Цяпер гэтая частка выступае адказчыкам па справе.