Як раней напісала радыё Zet, заява ліквідатара TVP тычыцца фінансавых парушэньняў, невыкананьня абавязкаў і злоўжываньня паўнамоцтвамі. Падазрэньні вынікалі з вынікаў аўдыту, які паказаў пераплату за IT-паслугі, празь якія TVP магла страціць каля 7 млн злотых (каля 1,78 млн даляраў). Паводле аўдытараў, папярэдняе кіраўніцтва «Белсату» замаўляла IT-паслугі бяз конкурсу і аналізу рынку ў фірмаў, якія ня мелі адпаведнага досьведу і ўтварыліся нядаўна. Пэўныя паслугі дубляваліся.
«У мяне няма ніякай інфармацыі пра нібыта злоўжываньні пры замове IT-паслуг „Белсатам“, — так пракамэнтаваў інфармацыю выканаўца абавязкаў дырэктара „Белсату“ Аляксей Дзікавіцкі. — Я ніколі не займаўся тэхнічнымі пытаньнямі, але з рацыі пасадаў, якія займаў на тэлеканале, пра магчымыя парушэньні хутчэй ведаў бы. На нешта падобнае не было б маёй згоды. Перакананы, што адпаведныя дзяржаўныя органы гэта пацьвердзяць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мільёны стратаў». На былую дырэктарку «Белсату» Рамашэўску-Гузы падалі пазоў у пракуратуруБылая дырэктарка каналу Агнешка Рамашэўская-Гузы, якая ўзначальвала канал да сакавіка 2024 году, перадала мэдыя заяву, у якой абурылася распаўсюдам інфармацыі пра падазрэньні. Суму ў 7 млн злотых яна назвала «абсурднай».
Рамашэўская-Гузы запатрабавала спыніць паклёп і публікацыі аб меркаваных злачынствах, якія без судовай праверкі вінавацяць яе ў раскраданьні сродкаў «Белсату».
Рамашэўская-Гузы заяўляе, што кантракты былі аплачаныя «адпаведна працэдурам, якія ўжываюцца ў TVP, рашэньні звычайна таксама перадаваліся праз іншыя аддзелы кампаніі», а сродкі на IT-паслугі ня ўтойваліся, іх абвяшчалі ў бюджэце каналу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскае дзяржаўнае тэлебачаньне мяняе структуру. «Белсат» перастане быць незалежнай адзінкай