Хроніка перасьледу 9 ліпеня: затрымалі адміністратара беларускіх чатаў за мяжой, судзяць былога палітвязьня

Супрацоўнікі АМАП Беларусі (ілюстратыўнае фота)

У Беларусі штодня адбываюцца затрыманьні і арышты, зьвязаныя з пратэставымі настроямі і выказваньнямі.

Затрымалі адміністратара чатаў за мяжой

Па вяртаньні ў Беларусь затрымалі адміністратара чатаў «Беларусы ў Партугаліі» і «Беларусы на Мадэйры», паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

На відэа сілавікоў затрыманы мужчына кажа, што з 2019 году жыве ў Партугаліі, але часам прыяжджае ў Беларусь да маці. Як піша «Вясна», яго прымусілі таксама сказаць, што ён пакідаў нэгатыўныя камэнтары пра міліцыянтаў і ўладу і што ў Партугаліі «вельмі шмат праблем».

Паводле інфармацыі @mediazona_by, затрыманага завуць Дзьмітры Герко. Дзе ён цяпер і што яму пагражае, на гэты момант невядома.

За татуіроўку «А.С.А.В.» затрымалі жыхара Жабінкі

Відэа зь ім зьявілася ў праўладных тэлеграм-каналах. Паводле папярэдняй інфармацыі «Вясны», затрыманы — Ільля Крывалевіч.

На адкрытай старонцы хлопца ў Instagram была сторыс з падзякай за гэтае тату («A.C.A.B» значыць «All Cops Are Bastards» — «Усе копы — вырадкі» — рэд.).

У якім статусе затрыманы і ў чым яго абвінавачваюць невядома.

Падчас «хапуну» пад Пінскам затрымалі сястру «каліноўца»

Падчас «хапуну» на рок-канцэрце пад Пінскам затрымалі сястру «каліноўца» Кірыла Іванова. Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, заўважыў праваабарончы цэнтар «Вясна».

Нагадаем, учора стала вядома, што сілавікі ўварваліся ў намётавы лягер пад Пінскам, дзе моладзь сабралася на рок-канцэрт, і затрымалі 11 чалавек. ГУБАЗіК сьцьвярджаў, што гэта нібыта была «сходка нэапаганцаў-нацыстаў і нефармалаў-сатаністаў».

Былога палітвязьня Кудзіка абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Беларусі


Вілейскага актывіста Андрэя Кудзіка абвінавачваюць у дыскрэдытацыі Беларусі (артыкул 369-1 КК), піша праваабарончы цэнтар «Вясна». Яго пачнуць судзіць 15 ліпеня ў судзе Маладачанскага раёну.

У лютым суд арыштаваў Кудзіка на 15 дзён паводле адміністрацыйнага артыкула, аднак на волю ён ня выйшаў. Як стала вядома праваабаронцам, актывіста абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369 КК), а цяпер артыкул абвінавачаньня зьмянілі на «дыскрэдытацыю Беларусі».

19 кастрычніка суд арыштаваў Кудзіка за парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў (артыкул 24.23 КаАП). Прычынай стала віншаваньне Ўкраіны з Днём Незалежнасьці, якое мужчына апублікаваў у TikTok 24 жніўня.

У судзе ён віны не прызнаў і сказаў, што выклаў відэа пасьля таго, як убачыў, што са сьвятам Украіну павіншаваў Аляксандар Лукашэнка.

У лютым 2022 году суд пакараў яго 2 гадамі калёніі па артыкуле аб грубым парушэньні грамадзкага парадку (частка 1 артыкула 342 КК). У ліпені 2023 году ён выйшаў на волю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 5 ліпеня: затрымалі індывідуальнага прадпрымальніка з Жодзіна