Рада Бясьпекі ААН падчас заплянаванага на аўторак пасяджэньня абмяркуе расейскую атаку па Ўкраіне, падчас якой быў нанесены ўдар па дзіцячай лякарні ў Кіеве. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на дыпляматаў.
На гэты момант у Радзе Бясьпекі ААН старшынюе Расея.
Ракетны ўдар па кіеўскай дзіцячай лякарні «Охматдит» быў нанесены днём 8 ліпеня, у той жа дзень ракеты атакавалі іншыя гарады Ўкраіны.
У выніку ўдараў, якія сталі самым сьмяротным нападам Расеі па Ўкраіне за апошнія месяцы, загінулі сама меней 37 мірных жыхароў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў у жалобе пасьля расейскай атакі на шпіталь «Охматдит». Што вядома на гэты момант і якая міжнародная рэакцыяГенэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш асудзіў расейскую атаку, паведаміў яго прэс-сакратар Стэфан Дзюжарык. Гутэрыш назваў атакі на дзіцячы шпіталь і яшчэ адну мэдыцынскую ўстанову «асабліва шакавальнымі», паведаміў ён.
«Нанясеньне ўдараў па цывільных асобах і цывільных абʼектах забаронена міжнародным гуманітарным правам. Падобныя атакі непрымальныя і павінны быць спыненыя неадкладна», — сказаў ён.
Пасяджэньня Рады Бясьпекі ААН запатрабавалі Вялікая Брытанія, Францыя, Эквадор, Славенія і ЗША. Яно заплянавана на раніцу 9 ліпеня па нью-ёрскім часе, піша «Голас Амэрыкі».
«Мы асудзім падступны і жудасны напад Расеі на шпіталь», — заявіла амбасадарка Вялікай Брытаніі ў ААН Барбара Вудвард у сацыяльнай сетцы Х.
Міністэрства абароны Расеі заявіла, што іх армія нібыта атакавала абʼекты вайсковай прамысловасьці і авіяцыйныя базы ва Ўкраіне. Ведамства сьцьвярджае, што не наносіць удары па цывільных асобах, хаця з пачатку ўварваньня ў лютым 2022 году ў выніку расейскіх атак загінулі тысячы мірных жыхароў.