Як паведамілі ў беларускім замежнапалітычным ведамстве, Максім Рыжанкоў сустрэўся зь міністрам замежных спраў КНР Ван І. Бакі гаварылі наконт двухбаковых адносін і ўзаемадзеяньня ў рамках міжнародных арганізацый. Сярод іншага ішла размова аб кітайскім гранце на будаўніцтва новага сацыяльнага абʼекта ў Беларусі.
«Асобная ўвага ўдзеленая пытаньням бясьпекі ў эўразійскім рэгіёне. Канстатавана супадзеньне падыходаў і дасягнуты дамоўленасьці аб працягваньні скаардынаваных крокаў у кірунку мірнага ўрэгуляваньня існых канфліктаў. Беларусь пацьвердзіла нязьменнасьць сваёй падтрымкі ўсіх намаганьняў кітайскага ўраду ў дасягненьні нацыянальнага ўзьяднаньня, абароне нацыянальнага сувэрэнітэту, бясьпекі і інтарэсаў разьвіцьця», — паведамілі ў МЗС Беларусі.
Пад палітыкай нацыянальнага ўзьяднаньня ў КНР разумеюць праблему Тайваня, які ў Пэкіне лічаць кітайскай тэрыторыяй.
Максім Рыжанкоў таксама правёў перамовы з загадчыкам міжнароднага аддзела ЦК КПК Лю Цзяньчао. Ён запрасіў яго на канфэрэнцыю ў бясьпецы ў Менску, заплянаваную на восень 2024 году.
Рыжанкоў заявіў на сустрэчы, што разьвіццё адносін з Кітаем зьяўляецца стратэгічным кірункам беларускай замежнай палітыкі. Як піша МЗС Беларусі, там таксама абмяркоўвалі пытаньні бясьпекі і канфлікты ў Эўразійскім рэгіёне, а Лю Цзяньчао выказаў гатоўнасьць працягваць і разьвіваць узаемадзеяньне ЦК КПК і адміністрацыі Лукашэнкі, а таксама па міжпартыйнай лініі.