У Валгаградзкай вобласьці Расеі бесьпілётнікі атакавалі падстанцыю ў горадзе Фралова і нафтабазу ў Калачы-на-Доне. Пра гэта паведаміў губэрнатар рэгіёну Андрэй Бачароў.
Паводле інфармацыі Бачарова, пажар на падстанцыі быў апэратыўна патушаны, на месцы ўзгараньня на нафтабазе працуюць супрацоўнікі экстраных службаў, пагрозы жылым аб’ектам няма.
Пасьля атакі закрытыя аэрапорты Валгаграду і Астрахані. Расейскія ўлады заявілі пра зьнішчэньне на поўначы Астраханскай вобласьці пяці бесьпілётнікаў. Агулам за ноч зьнішчана 38 бесьпілётнікаў, заявілі ў Міністэрстве абароны Расеі.
У ноч на 9-га ліпеня, паводле зьвестак кіраўніка Белгарадзкай вобласьці Вячаслава Гладкова, атакі зазналі адразу некалькі гарадоў і вёсак: Белгарад, Шабекіна, Новая Тавалжанка, Дронаўка і іншыя населеныя пункты. Як заявіў чыноўнік, у рэгіёне загінулі 4 чалавекі, 20 параненыя.
У выніку абстрэлу таксама разбурана 60 прыватных дамоў і 160 кватэр, пашкоджана 140 аўтамабіляў, ёсьць перабоі на лініі электраперадачы, удакладніў кіраўнік рэгіёну.
Таксама бесьпілётнікі спрабавалі атакаваць Варонескую вобласьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уначы дроны атакавалі 12 абласьцей Украіны, у Краснадарскім краі РФ пасьля атакі дронаў загарэліся дзьве нафтабазы