Падставай для абвінавачаньняў стаў спэктакль «Фініст ясны сокал» пра расейскіх дзяўчат, якія зьяжджаюць у Сырыю для шлюбу з радыкальнымі ісламістамі.
Напісаная Петрыйчук п’еса і пастаўлены Бярковіч спэктакль па ёй былі адзначаныя тэатральнымі ўзнагародамі, у тым ліку нацыянальнай «Залатой маскай». Аўтары адмаўляюць абвінавачаньні ў свой адрас. У іх абарону выказваліся, у тым ліку на судзе, прадстаўнікі тэатральнай і акторскай супольнасьці, праваабаронцы і грамадзкія дзеячы.
Спрэчкі бакоў праходзілі ў панядзелак у судзе ў закрытым рэжыме. 13 чэрвеня судзьдзя па просьбе пракурора закрыў пасяджэньні праз пагрозы, якія, як сьцьвярджалася, атрымаў неназваны ўдзельнік працэсу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Маскве арыштаваў рэжысэрку Бярковіч на два месяцы за спэктакль, у якім убачыў апраўданьне тэрарызмуКожны дзень, праведзены ў СІЗА, будзе залічаны Бярковіч і Петрыйчук за адзін дзень у калёніі, а не за два, — такую меру ўжываюць да абвінавачаных у тэрарыстычных злачынствах. Прысуд пакуль не набыў законнай моцы.
Ён будзе абскарджаны, паведаміла адвакатка Ксенія Карпінская. «У дзень каханьня і вернасьці пракурор атрымала букет кветак. І зусім спакойна адправіла гэтых дзяўчат у турму. І ніхто не падумаў ні пра міласэрнасьць, ні пра справядлівасьць, ні пра што-небудзь яшчэ, — цытуе яе „Мэдыязона“. — Вядома, у нас няма выйсьця, і мы будзем абскарджваць. Але я лічу, што тыя людзі, якія маюць дачыненьне да гэтага рашэньня, яны будуць з гэтым жыць, і, магчыма, калі-небудзь справядлівасьць пераможа».