Берасьцейская міліцыя затрымала маладзёнаў, якія адпачывалі на прыродзе і вырашылі зладзіць самадзейны канцэрт. Іх абвінавацілі ў сатанізьме.
Пра гэта паведамляе выданьне reform.news.
Паводле інфармацыі зьвязанага зь сілавікамі тэлеграм-канала, міліцыянты ў Пінскім раёне затрымалі 11 маладых людзей.
Выданьне выказвае здагадку, што маладзёны вырашылі зладзіць канцэрт на адкрытым паветры. На відэа ў аднаго з хлопцаў твар расфарбаваны ў стылі гурту KISS.
11 чалавек трапілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе зь імі, як сьцьвярджаецца, «праводзяцца праверачныя мерапрыемствы». У паведамленьні адзначана, што затрымалі «нэапаганцаў-нацыстаў і нефармалаў-сатаністаў».