Макрон папрасіў Аталя часова застацца на пасадзе для «забесьпячэньня стабільнасьці ў краіне» пасьля парлямэнцкіх выбараў і перад Алімпіядай, якая пачнецца ў канцы ліпеня.
Па выніках другога туру парлямэнцкіх выбараў, які адбыўся 7 ліпеня, прапрэзыдэнцкая кааліцыя «Разам за рэспубліку», ядро якой — партыя Макрона і Аталя, заняла другое месца, атрымаўшы 168 месцаў з 577-і.
На першым месцы — кааліцыя левых партый «Новы народны фронт» з 182 месцамі, на трэцім — ультраправае «Нацыянальнае абʼяднаньне» з 143 месцамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынікі парлямэнцкіх выбараў у Францыі: перамаглі левыя, але пэрспэктывы фармаваньня ўраду няясныяТакі расклад не пакінуў «відавочнага шляху да фармаваньня ўраду», піша Associated Press. «Новы народны фронт», а таксама найбуйнейшы францускі прафсаюз заклікалі Макрона даць магчымасьць сфармаваць урад пераможцам.
Экспэрты прадказваюць Францыі палітычны тупік. Левыя дамаўляцца з цэнтрыстамі не зьбіраюцца, заяўляў раней іх лідэр Жан-Люк Мэляншон. Лідэрка ўльтраправых Марын Лё Пэн сказала, што «проста сядзець у фатэлі міністра» ня будзе.
Палітычныя экспэрты бачаць два выхады з тупіку: шырокая «рознакаляровая» кааліцыя па абмежаванай колькасьці пытаньняў або тэхнічны ўрад з «палітычна нэўтральных» адмыслоўцаў, якія будуць вырашаць штодзённыя праблемы да наступных выбараў. Іх паводле закону можна правесьці толькі праз год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За што прагаласавала Францыя і як гэта паўплывае на стаўленьне Парыжу да падтрымкі ЎкраіныНапярэдадні Аталь, абвяшчаючы пра свой намер падаць у адстаўку, адзначыў, што гатовы быць прэмʼер-міністрам столькі, колькі спатрэбіцца, улічваючы Алімпіяду, якая мае адбыцца ў Парыжы і на якую прыедуць мільёны гледачоў. Прэмʼер-міністрам Францыі Аталь стаў у студзені 2024 году.
Пасьля парлямэнцкіх выбараў 2022 году Макрон таксама не прыняў адстаўкі прэмʼер-міністра. Элізабэт Борн правяла на сваёй пасадзе яшчэ паўтара года (але ў яе кааліцыі была адносная большасьць), калі яе і зьмяніў Аталь, які ва ўзросьце 34 гадоў стаў самым маладым прэмʼер-міністрам краіны і першым адкрытым геем на гэтай пасадзе.
Датэрміновыя парлямэнцкія выбары ў Францыі былі прызначаныя пасьля посьпеху францускіх ультраправых на выбарах у Эўрапарлямэнт, якія адбыліся на пачатку чэрвеня 2024 году.