У вайне Расеі супраць Украіны неабходна дамагчыся спыненьня агню з далейшым пачаткам мірных перамоваў. Міжнародная супольнасьць павінна спрыяць аднаўленьню дыялёгу наўпрост паміж Масквой і Кіевам. Такую заяву зрабіў старшыня КНР Сі Цзіньпін пасьля сёньняшняй сустрэчы з прэмʼер-міністрам Вугоршчыны Віктарам Орбанам у Пэкіне.
Пра гэта паведамляе DW.
Спыненьне агню ў вайне Расеі супраць Украіны і наступныя мірныя перамовы «будуць адпавядаць інтарэсам усіх закранутых бакоў», прыводзяць словы кітайскага лідэра дзяржаўныя СМІ Кітаю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віктар Орбан прыляцеў у Пэкін. Ён называе гэта працягам «міратворчай місіі»Адзначаецца, што Сі ня стаў канкрэтызаваць, на якіх умовах можа ўступіць у сілу рэжым спыненьня агню ва Ўкраіне і якія бакі павінны ўдзельнічаць у гэтым працэсе. Лідэр КНР адзначыў толькі, што для гэтага патрэбная «пазытыўная энэргія».
Кіраўнік ураду Вугоршчыны Віктар Орбан, чыя краіна паводле ратацыйнага прынцыпу 1 ліпеня стала на паўгода старшынёй Эўрапейскай Рады, да візыту ў Пэкін з уласнай ініцыятывы выправіўся спачатку ў Кіеў, а потым — у Маскву, каб абмеркаваць магчымыя ўмовы заканчэньня вайны Расеі з Украінай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Орбан: І Расея, і Ўкраіна адмовіліся ад прапановы аб перамір’і, бо лічаць, што гэта ў інтарэсах праціўнікаПасьля вяртаньня з Кіева і Масквы Орбан расказаў, што ягоная прапанова спыніць баявыя дзеяньні, каб пачаць перамовы аб перамірʼі, не знайшла пазытыўнага водгуку ні ў расейскім, ні ва ўкраінскім кіраўніцтве. «І ўкраінцы, і расейцы адказалі адно і тое ж: што перамірʼе ў інтарэсах праціўніка, бо за гэты час ён зможа перабудавацца і падрыхтавацца да працягу вайны».
У Эўразьвязе рэзка скрытыкавалі візыт Орбана ў РФ, заявіўшы, што ён дзейнічае выключна як прэмʼер Вугоршчыны і «ніякім чынам» не прадстаўляе ў Маскве інтарэсы ЭЗ.
Орбан падкрэсьліў 8 ліпеня ў сацсетцы X, што Кітай «ключавая дзяржава ў стварэньні ўмоваў для міру ў вайне Расеі з Украінай».
Апошнім часам заходнія назіральнікі ня раз выказвалі думку, што Кітай забясьпечвае Расею таварамі падвойнага прызначэньня, падтрымліваючы тым самым баяздольнасьць Узброеных сілаў РФ.