У Менску абсьледуюць атракцыёны пасьля аварыі ў парку Чалюскінцаў

Атракцыён «Лебедзі» ў парку Чалюскінцаў у Менску, архіўнае фота prodetok.by

Прынята рашэньне аб дадатковым абсьледаваньні атракцыёнаў сталіцы, заявіў 8 ліпеня намесьнік старшыні Менгарвыканкама Алег Корзун.

Дадатковыя праверкі прызначаны на фоне аварыі 6 ліпеня на атракцыёне «Лебедзі» ў парку Чалюскінцаў, у якой пацярпелі ў тым ліку дзеці, піша «Позірк».

«Усе атракцыёны пасьля сэзоннага захоўваньня праходзяць абавязковую праверку Дзяржпрамнаглядам МНС, у выніку якой выдаецца спэцыяльны дазвол на эксплуатацыю атракцыёнаў у пэрыяд адкрыцьця паркаў. Такая ж праверка была праведзена ў дачыненьні да атракцыёну «Лебедзі», — цытуе Корзуна прэс-служба Менгарвыканкаму.

Па словах чыноўніка, дазвол Дзяржпрамнагляду на эксплюатацыю гэтага атракцыёну выдадзены 25 красавіка.

Камэнтуючы аварыю, Корзун заявіў, што да яе прывяло «рэзкае апусканьне праз парыў (пашкоджаньне) зварнога заводзкага вузла, якое пацягнула паломку гідраўлічнага бака і парыў гідраўлічных шлянгаў».

«Я ўпэўнены, што тое, што адбылося ў суботу, зьяўляецца зьбегам абставінаў. Гэтае здарэньне носіць адзінкавы характар», — сказаў ён, падкрэсьліўшы, што ніхто не атрымаў траўмаў.

Аб падзеньні атракцыёну каля 20 гадзін 6 ліпеня паведамілі карыстальнікі сацсетак. Размова ішла аб чатырох пацярпелых і мностве машын хуткай мэдыцынскай дапамогі на месцы здарэньня.

Пазьней дзяжурны мэханік парка ўдакладніў тэлеканалу ОНТ, што траўмы атрымалі двое дарослых і дзіця. Паводле яго, ва ўсіх «лёгкія ўдары і драпіны», пры гэтым «адно дзіця вельмі моцна спалохалася і яго забрала хуткая».

Раённы аддзел Сьледчага камітэту завёў справу паводле ч. 2 арт. 338 Крымінальнага кодэксу («Аказаньне паслуг, якія загадзя не адпавядаюць патрабаваньням бясьпекі для жыцьця або здароўя спажыўцоў, што пацягнула па неасьцярожнасьці прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджаньня»).

  • 12 траўня ў Лідзе (Горадзенская вобласьць) 11-гадовая дзяўчынка выпала з атракцыёну ў парку забаў. Паводле інфармацыі Міністэрства здароўя, дзіця атрымала множныя спалучаныя траўмы.
  • 28 чэрвеня 2018 года ў менскім парку Чалюскінцаў падчас руху зламаўся атракцыён «Калабок»: кабінка з двума наведнікамі закранула зямлю. Пацярпелых не было.
  • 7 ліпеня 2008 году ў тым жа парку ўпала дзіцячая карусэль; шэсьць чалавек, у тым ліку сямігадовае дзіця, атрымалі траўмы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цяжка пацярпелых у парку Чалюскінцаў няма». Ці можна патрабаваць кампэнсацыю за траўму на атракцыёне?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два чалавекі атрымалі апёкі падчас сьвяткаваньня Купальля ў Беларусі