На думку аналітыкаў зь Нью-Дэлі, прызначаная на 9 ліпеня сустрэча Нарэндры Модзі з Уладзімірам Пуціным дапаможа ўмацаваць адносіны паміж даўнімі саюзьнікамі, якія крыху астудзіліся апошнім часам, бо Індыя будуе больш шчыльнае партнэрства з ЗША.
Мэта Індыі — падкрэсьліць важнасьць індыйска-расейскіх стасункаў і пераканацца, што адносіны Пуціна з Кітаем, якія растуць, не паўплываюць на сувязі зь Нью-Дэлі, сказаў «Голасу Амэрыкі» заснавальнік Інстытуту інда-ціхаакіянскіх дасьледаваньняў Калінга Чынтамані Махапатра.
Сустрэча стала першай пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, у пытаньні якога Нью-Дэлі захоўвае нэўтральную пазыцыю. Індыя не асудзіла вайну і не далучылася да заходніх санкцый, накладзеных на Маскву.
Грамадзяне Індыі, якія падпісалі кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі і ваююць ва Ўкраіне, будуць звольненыя і вернутыя дадому. Аб гэтым паведамляе індыйскі тэлеканал NDTV са спасылкай на свае крыніцы. Гэта было адной з дэталяў перамоваў у Маскве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Індыя апярэдзіла Расею і стала першай краінай, якая пасадзіла касьмічны карабель каля паўднёвага полюса МесяцаNDTV паведамляе, што амаль два дзясяткі грамадзян Індыі трапілі ў зону баявых дзеяньняў, завэрбаваныя агентамі, якія абяцалі ім высокааплатную працу. Але замест разбору завалаў індыйцам выдалі зброю. Сакратар у замежных справах Індыі Вінай Кватра гаварыў, што ў расейскіх войсках могуць служыць ад 30 да 40 індыйцаў, дзесяць ужо вярнуліся дадому.
Раней індыйскія крыніцы называлі лічбу прыкладна ў 100 грамадзян Індыі, якія падпісалі кантракты з расейскім вайсковым ведамствам. Паводле інфармацыі Reuters, на вайне ва Ўкраіне ўжо загінулі двое з завэрбаваных індыйцаў, іхныя целы засталіся на полі бою.
У лютым 2024 году ўлады Індыі паведамілі, што спрабуюць вярнуць дадому каля 20 грамадзян краіны, якія ваююць у расейскім войску. У сакавіку сямёра індыйцаў запісалі відэазварот, у якім паведамілі, што расейцы зацягнулі іх на вайну падманам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bloomberg: Расея вэрбуе ў войска студэнтаў і рабочых з АфрыкіРасейска-індыйскія дачыненьні
Нягледзячы на дывэрсыфікацыю закупак вайсковай тэхнікі ў апошнія гады, Індыя па-ранейшаму залежыць ад расейскай зброі — каля траціны індыйскага абароннага імпарту паступае з Расеі, у параўнаньні зь дзьвюма трацінамі пяць гадоў таму. Аднак пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну расьце занепакоенасьць наконт здольнасьці Расеі пастаўляць запасныя часткі і боепрыпасы.
Тым часам двухбаковы гандаль энэрганосьбітамі вырас, бо Індыя павялічыла закупкі таннай расейскай нафты. Аднак калі агульны аб’ём экспарту Расеі ў Індыю складае 65 мільярдаў даляраў, то індыйскі экспарт — усяго каля 4 мільярдаў даляраў, што выклікае непакой у Нью-Дэлі.
На думку аналітыкаў, для Пуціна гэты візыт будзе важным, каб падкрэсьліць, што ён не апынуўся ў ізаляцыі праз заходнія санкцыі. Некаторыя з аналітыкаў зьвяртаюць увагу на тое, што сустрэча адбудзецца ў той час, калі ў Вашынгтоне пачнецца саміт NATO, прысьвечаны праблемам бясьпекі ва Ўкраіне і ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Індыя адмовілася ад беларускага калію на карысьць расейскага