Войскі Расеі нанесьлі масавы ўдар па Ўкраіне больш чым 40 ракетамі розных тыпаў, заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Паводле яго зьвестак, з боку Расеі былі атакаваныя Кіеў, Дніпро, Крывы Рог, Славянск і Краматорск.
Паводле Міністэрства ўнутраных спраў Украіны, па стане на 19-ю гадзіну менскага часу вядома пра тое, што ад расейскага ўдару загінула 33 чалавекі, паранена 140.
Міністар унутраных спраў Ўкраіны Ігар Кліменка раней заявіў:
«Сёньняшняя раніца яшчэ раз даказала, што Расея — краіна тэрарыстаў... Дзясяткі ракет па гарадах у час пік. Напад на найбуйнейшы дзіцячы шпіталь краіны. Таксама расейцы атакавалі Дніпро, Крывы Рог, Данецкую вобласьць. Усяго ў выніку ранішняй атакі Расеі на Ўкраіну загінулі каля 20 чалавек, каля паўсотні атрымалі раненьні», — напісаў ён у тэлеграме.
Выбухі раздаліся ў Кіеве і Кіеўскай вобласьці, паведамілі мэр украінскай сталіцы Віталь Клічко і ў Кіеўскай абласной вайсковай адміністрацыі.
Мэр Кіева Віталь Клічко раней сказаў пра 11 загінулых. Паводле ягоных слоў агенцтву Reuters, гэта быў «адзін з найгоршых» нападаў на сталіцу Ўкраіны цягам 28-месячнай поўнамаштабнай вайны.
Пракуратура Кіева па стане на 15 гадзін налічыла 15 ахвяр расейскай атакі ў горадзе.
Віталь Клічко ўдакладніў, што адзін з выбухаў адбыўся ў Саломенскім раёне сталіцы, туды накіраваліся ратавальнікі і брыгады мэдыкаў. У мэрыі Кіева адзначылі, што ў Саломенскага раёне зафіксавалі падзеньне абломкаў зьбітай ракеты, паведамляецца аб пашкоджаньні офіснага будынка.
«У Галасееўскім раёне Кіева абломкі ракет упалі каля жылога дома, гараць гаражы і аўтамабілі. У Дняпроўскім — гараць абломкі ў жылой забудове, у Дарніцкай пашкоджаны прыватны дом, у Дзяснянскім — гарыць дом. У Сьвятошынскім раёне гараць абломкі каля жылой забудовы, таксама ўзьнік пажар у памяшканьні аднаго з прадпрыемстваў», — паведамілі ў кіеўскай адміністрацыі.
Таксама Клічко паведаміў аб падзеньні ракеты ў памяшканьне дзіцячай мэдустановы. У мэрыі ўдакладнілі, што размова ідзе аб дзіцячай лякарні «Ахматдыт».
УНІАН піша, што пад заваламі лякарні знаходзяцца дзеці.
У той жа час аб выбухах у Крывым Рогу паведаміў кіраўнік рады абароны гораду Аляксандар Вілкул. Выбухі таксама раздаліся ў гарадах Дніпро і Краматорск (Данецкая вобласьць).
У выніку масіраванай расейскай атакі ў Крывым Рогу загінулі 10 чалавек, больш за 30 атрымалі раненьні, паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Лысак.
Мэр Дніпра Барыс Філатаў удакладніў, што ў горадзе пашкоджаны жылы дом і станцыя тэхабслугоўваньня аўтамабіляў.
Паводле інфармацыі камандаваньня Паветраных сіл УСУ, удары па тэрыторыі Ўкраіны наносіліся гіпэргукавымі ракетамі «Кінжал» і крылатымі ракетамі «Калібр» і Х-101.
Мінабароны Расеі заявіла, што нанесла групавы ўдар па абʼектах вайсковай прамысловасьці Ўкраіны і авіяцыйных базах УСУ ў адказ на спробы нанясеньня шкоды абʼектам расейскай энэргетыкі і эканомікі: «Мэты ўдару дасягнутыя».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.