Францыя сутыкнулася з падвешаным пытаньнем наконт эфэктыўнасьці новага парлямэнту і пэрспэктывай перамоваў аб падаткаабкладаньні, якія пачнуцца ў панядзелак. Чакаюцца напружаныя перамовы аб фармаваньні новага ўраду пасьля таго, як посьпех левых заблякаваў імкненьне Марын Лё Пэн прывесьці радыкальных правых да ўлады, піша Reuters.
Левы «Новы народны фронт» (NFP) стаў сілай, якая дамінуе ў Нацыянальным сходзе пасьля выбараў 7 ліпеня. Але ніводная партыя не займела працоўнай большасьці. Магчыма, NFP сфармуе ўрад меншасьці або пабудуе шырокую, грувасткую кааліцыю. Перад выбарамі цэнтрысты заяўлялі аб тым, што ня пойдуць на кааліцыю зь левымі.
Другая па велічыні эканоміка зоны эўра апынаецца ў падвешаным стане, уваходзіць у пэрыяд палітычнай нестабільнасьці за некалькі тыдняў да пачатку ў Парыжы Алімпійскіх гульняў. Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон атрымаў вельмі раздроблены парлямэнт. Гэта можа аслабіць ролю Францыі ў Эўрапейскім зьвязе і за яго межамі, будзе цяжка прабіваць і ўнутраны парадак дня, кажуць экспэрты.
Левыя атрымалі 182 месцы ў парлямэнце, правацэнтрысцкі альянс Макрона — 168, а Нацыянальнае аб’яднаньне (RN) і саюзьнікі Лё Пэн — 143, сьведчаць лічбы ад Міністэрства ўнутраных спраў, на якія спасылаецца газэта Le Monde.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Краіну хістае». Беларусы Францыі пра тое, што адбываецца перад вырашальным турам парлямэнцкіх выбараўПрэм’ер-міністар Габрыэль Аталь заявіў, што падасьць у адстаўку, але незразумела, ці прыме яе прэзыдэнт неадкладна, улічваючы складаную задачу фармаваньня ўраду.
«Вядома, я буду выконваць свае абавязкі столькі, колькі гэта неабходна — інакш і быць ня можа напярэдадні даты (Алімпіяды), якая такая важная для нашай краіны», — сказаў Атал.
Левая кааліцыя NFP складаецца з Францускай камуністычнай партыі, радыкальнай левай «Францыі Няскоранай», «Зялёных» і Сацыялістычнай партыі. Іх лідэры сустрэліся ўначы для першых перамоў аб тым, як дзейнічаць далей.
Кіраўнік «Няскоранай Францыі» Жан-Люк Мэляншон заявіў, што новы прэм’ер-міністар павінен быць выхадцам з NFP. Аднак лідэра ў блёку няма, а партыі моцна разыходзяцца ў тым, каго выбраць у якасьці прэм’ера.
Некаторыя вядомыя дзеячы цэнтрыстаў, у тым ліку Эдуар Філіп, былы прэм’ер-міністар пры Макрону, заявілі, што гатовыя працаваць над пактам, каб забясьпечыць стабільны ўрад.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон заклікаў да «шырокага» альянсу пасьля першага туру выбараў у Францыі, Лё Пэн заявіла, што «пакуль нічога ня выйграна»Эўрапейскі рэдактар Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк у сваім аналізе становішча ў Францыі адзначыў, што правым радыкалам прарочылі звыш 200 мандатаў сярод 577 месцаў. Але па факце яны атрымаюць максымум 150. Таксама ён адзначае, што за стагодзьдзе ў краіне не было такой высокай яўкі на выбарах, яна склала 67%.
Лё Пэн і яе хаўрусьнікі нямала здабывалі ад таго, што цэнтрысты і левыя вялі паміж сабой барацьбу за галасы людзей, а іхны электарат заставаўся стабільным. І хоць правых зараз удалося перамагчы, гісторыя далёкая ад заканчэньня.
«Крылы Макрона, прынамсі ўнутры краіны, падрэзаныя. У такім расколатым парлямэнце будзе змаганьне за фармаваньне працоўнага ўраду, бо левы альянс і цэнтрысты Макрона ня бачаць адзін аднаго, ня кажучы ўжо пра некаторыя партыі ўнутры самога альянсу левых сілаў.
Калі кааліцыя будзе створаная, то яна будзе слабой і, верагодна, хаатычнай. Не выключаю новых выбараў, калі гэта будзе юрыдычна магчыма праз год», — адзначыў журналіст.
Эўра зьнізіўся ў нядзелю пасьля абвяшчэньня прагнозаў вынікаў галасаваньня.
«Калі справа даходзіць да заканадаўчай здольнасьці Францыі, сапраўды будзе вакуўм», — сказаў Сайман Гарві, кіраўнік аддзелу валютнага аналізу Monex Europe у Лёндане.
У сваёй першай рэакцыі на вынікі лідэр RN Жардан Бардэля, стаўленік Лё Пэн, назваў супрацоўніцтва паміж іншымі сіламі супраць RN «ганебным альянсам», які, па яго словах, паралізуе Францыю. Але сама Лё Пэн, якая, праўдападобна, будзе кандыдаткай ад партыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2027 году, заявіла, што нядзельнае галасаваньне, на якім RN дасягнула значных посьпехаў у параўнаньні з папярэднімі выбарамі, пасеяла зерне для будучыні.
«Наша перамога проста адтэрмінаваная», — сказала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віктар Орбан стварае ў Эўрапарлямэнце ўласную фракцыюПрыхільнікі левых пасьля вестак пра перамогу выйшлі на парыскія вуліцы і сьвяткавалі посьпех.
Датэрміновыя выбары ў Нацыянальны сход прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон абвясьціў пасьля таго, як радыкальныя правыя атрымалі ўпэўненую перамогу на выбарах у Эўрапарлямэнт.
Пасьля першага туру парлямэнцкіх выбараў кааліцыя левых партый і цэнтрысцкіх прыхільнікаў Макрона зьняла больш за 200 кандыдатаў, якія занялі трэція месцы ў сваіх акругах, каб кансалідаваць выбарнікаў вакол астатніх і не дапусьціць перамогі «Нацыянальнага аб’яднаньня». Пра небясьпеку прыходу правых да ўлады гаварылі ў сваіх размовах з прэсай нават футбалісты зборнай Францыі, якія цяпер знаходзяцца ў Нямеччыне на першынстве Эўропы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адна «недружалюбная» краіна ўвяла падатковыя контрасанкцыі супраць Беларусі