У Берасьці зноў судзяць Натальлю Малец, якая дапамагала палітвязьням

Натальля Малец. Архіўнае фота

63-гадовай палітзьняволенай Натальлі Малец ставяць у віну арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Раней Малец асудзілі з палітычных матываў на «хатнюю хімію». Зь верасьня 2023 году жанчына знаходзілася ў зьняволеньні ў рамках новай крымінальнай справы.

Першапачаткова яе абвінавачвалі ў «фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Але 5 сакавіка прэс-служба Сьледчага каміьтэту паведаміла, што ёй выставілі абвінавачаньне паводле чч. 1 і 2 арт. 361-4 КК («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Сілавікоў зацікавіла актыўнасьць жанчыны ў ажыцьцяўленьні грашовых пераводаў палітвязьням, адзначае «Вясна». Таксама сьледчыя знайшлі, што яна была ў закрытай суполцы ў Facebook, якая належыць «экстрэмісцкаму фармаваньню». Праваабаронцы мяркуюць, што гаворка ідзе пра «Письма Солидарности Беларусь 2020».

8 ліпеня Берасьцейскі абласны суд пачынае разгляд справы Натальлі Малец. Працэс вядзе судзьдзя Руслан Сянько.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На 63-гадовую жыхарку Берасьця завялі крымінальную справу за грашовыя пераводы палітвязьням