Віктар Орбан прыляцеў у Пэкін. Ён называе гэта працягам «міратворчай місіі»

Віктар Орбан і Сі Цзінпін

Зьмест перамоваў Вугоршчыны і Кітаю пакуль не вядомы. Паездкі Орбана выклікаюць крытыку з Брусэлю.

У Пэкіне прайшла сустрэча старшыні Кітаю Сі Цзіньпіна і прэм’ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана, перадае агенцтва «Сіньхуа». Падрабязнасьці пакуль не прыводзяцца.

Орбан паведаміў аб прыбыцьці ў Кітай раніцай 8 ліпеня, калі апублікаваў у сацсетках фота з аэрапорту з подпісам «Місія міру 3.0. Пэкін», а таксама здымак з кіраўніком Кітаю.

«Кітай зьяўляецца ключавой сілай у стварэньні ўмоў для міру ў расейска-ўкраінскай вайне. Вось чаму я прыехаў на сустрэчу з прэзыдэнтам Сі ў Пэкіне», — напісаў Орбан у сацыяльнай сетцы X.

2-га і 5-га ліпеня Віктар Орбан, чыя краіна старшынюе ў Эўразьвязе, прыяжджаў у Кіеў і Маскву. Уладзіміру Зяленскаму ён прапаноўваў спыніць агонь, што, на яго думку, «паскорыла б тэмпы» перамоваў з Расеяй.

У Маскве Орбан сустрэўся з Уладзімірам Пуціным. У Крамлі абмяркоўваўся «мірны плян» па Ўкраіне, а таксама пазыцыя Будапэшту адносна расейска-ўкраінскай вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Орбан пасьля Кіева прыехаў у Маскву. У Эўразьвязе заявілі, што ён ня мае мандату на перамовы аб Украіне

Кіраўнік Эўрапейскай рады Шарль Мішэль заявіў, што старшынства ў ЭЗ не дае мандату на ўзаемадзеяньне з Расеяй ад імя ЭЗ.

«Эўрапейская рада дакладна вызначыла: Расея — агрэсар, Украіна — ахвяра. Ніякія дыскусіі аб Украіне ня могуць весьціся без Украіны», — напісаў ён.

Орбан — адзіны кіраўнік нацыянальнага ўраду краіны NATO і ЭЗ, які захаваў шчыльныя сувязі з Крамлём пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе. Вугоршчына сыстэматычна блякуе вайсковую дапамогу для Ўкраіны.

Пасьля візытаў у Кіеў і Маскву Орбан наведаў яшчэ і Шушу, дзе прыняў удзел у пасяджэньні Арганізацыі цюрскіх дзяржаў. Вугоршчына з 2018 году зьяўляецца ў гэтай арганізацыі дзяржавай-назіральніцай. У Эўразьвязе катэгарычна заявілі, што Арганізацыі цюрскіх дзяржаў ня ўдасца «легітымізаваць турэцка-кіпрскае сэпаратысцкае ўтварэньне „Турэцкая рэспубліка Паўночнага Кіпру“ ў якасьці назіральніка ў Арганізацыі цюрскіх дзяржаў» і адзначылі, што гэтая паездка — асабістая ініцыятыва Орбана і ня мае дачыненьня да брусэльскай палітыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Орбан пасьля сустрэч зь Зяленскім і Пуціным адправіўся ў былы Нагорны Карабах