У суботу аб далучэньні да блёку абвясьцілі Дацкая народная партыя і сэпаратысцкая партыя бэльгійскіх флямандцаў «Флямандзкі інтарэс». Такім чынам, колькасьць палітычных сіл з розных краін ЭЗ, якія ўвайшлі ў блёк Орбана, дасягнула сямі, гэта неабходны мінімум для стварэньня фракцыі. У блёку таксама дастаткова дэпутатаў — паводле правілаў, у фракцыі іх павінна быць ня менш як 23.
Орбан абʼявіў аб стварэньні блёку, апазыцыйнага цяперашняму кіраўніцтву ЭЗ і ягонай палітыцы, на мінулым тыдні на сустрэчы з аднадумцамі — кіраўнікамі аўстрыйскай Партыі свабоды Гэрбэртам Кіклем і чэскага руху ANO Андрэем Бабішам. Пасьля да блёку далучыліся нідэрляндзкая Партыя свабоды Герта Вілдэрса, а таксама правыя партыі з Гішпаніі і Партугаліі.
Пакуль незразумела, ці ўвойдзе ў блёк францускае «Нацыянальнае абʼяднаньне». Са сваімі 30 дэпутатамі яно стане найбуйнейшай сілай у фракцыі, а сама яна такім чынам зможа стаць чацьвёртай ці нават трэцяй па велічыні апазыцыйнай фракцыяй у Эўрапарлямэнце. У партыі Марын Лё Пэн раней заяўлялі, што абвесьцяць аб сваім рашэньні ў панядзелак. Цікавасьць да блёку праяўляла таксама італьянская «Ліга» Матэо Сальвіні. Цяпер яны ўваходзяць у блёк «Ідэнтычнасьць і дэмакратыя», які, аднак, па сутнасьці, разваліўся і ня зможа сфармаваць сваю фракцыю ў Эўрапарлямэнце.
- Дзеяньні Орбана ў стварэньні правага блёку ў Эўрапарлямэнце суправаджаюцца ягонай актыўнасьцю ў сфэры дыпляматыі — якую, зрэшты, рэзка крытыкуе шэраг краін ЭЗ і кіраўніцтва зьвязу, якія заяўляюць, што старшынства Вугоршчыны ў ЭЗ не азначае права выступаць ад яго імя. На мінулым тыдні Орбан наведаў Кіеў і Маскву, сьцьвярджаючы, што займаецца пошукамі міру паміж Украінай і Расеяй.
- У інтэрвію швайцарскаму сайту Die Weltwoche Орбан 6 ліпеня заявіў, што на наступным тыдні ў яго адбудуцца новыя «нечаканыя сустрэчы» ў пытаньні аб спыненьні вайны ва Ўкраіне, паабяцаўшы «сюрпрыз» раніцай 8 ліпеня. У нядзелю кіраўнік МЗС Вугоршчыны Пэтэр Сіярта ў сваю чаргу напісаў, што «мірная місія» Вугоршчыны «ўзмацняецца», і заклікаў эўрапейскіх палітыкаў, якіх ён назваў прыхільнікамі вайны, «прышпіліць рамяні». У нядзелю СМІ паведамілі, што самалёт Орбана вылецеў у Кітай.
- У Кіеве і многіх краінах ЭЗ скептычна ставяцца да заяваў і дзеяньняў Орбана, абвінавачваючы яго калі не ў адкрыта прарасейскай пазыцыі, то ў гатоўнасьці адступіцца ад інтарэсаў Украіны.