Украіна зможа атрымаць перамогу ў вайне з Расеяй, калі пазбавіцца ад савецкіх атавізмаў у войску і скарыстаецца слабасьцямі агрэсара. Такое меркаваньне ў інтэрвію Online.UA выказаў Павал «Дзядзька» Шурмей, які часова выконвае абавязкі камандзіра палку імя Кастуся Каліноўскага, у якім на баку УСУ змагаюцца добраахвотнікі зь Беларусі.
Паводле Шурмея, у Расеі ёсьць дастаткова слабых бакоў, якімі Ўкраіна можа скарыстацца для дасягненьня ўласнай перамогі.
«Чаго ў Расеі вельмі шмат, на жаль, гэта чалавечы рэсурс. І выкарыстоўваюць яго на 200-300%. Але трэба разумець, што час гуляе супраць іх, санкцыі пачынаюць усё больш эфэктыўна працаваць», — адзначыў Шурмей.
Таксама, на думку Шурмея, для перамогі над Расеяй Украіне патрэбна непахісная падтрымка заходніх партнэраў, узмацненьне мабілізацыі і разгортваньне ўласнай вайсковай вытворчасьці.
«Калі здарыцца так, што Захад стане дапамагаць на ўсю моц, на ўсе 100%, Украіна можа выстаяць. (...) Украіна павінна хутка памяняць старыя савецкія падыходы да камплектаваньня, падрыхтоўкі баявых падразьдзяленьняў. Многае залежыць ад украінскай улады, Узброеных сіл», — упэўнены ён.
- 47-гадовы Павал Шурмей — прафэсійны вясьляр, удзельнік дзьвюх Алімпіяд у складзе зборнай Беларусі па акадэмічным веславаньні. На момант пачатку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне знаходзіўся ў ЗША, адкуль адразу ж накіраваўся ў Кіеў і далучыўся да беларускага добраахвотніцкага руху. Быў паранены. У Беларусі супраць Шурмея заведзеная крымінальная справа.
- Раней камандзірам каліноўцаў быў Дзяніс Прохараў («Кіт»). Пра перастаноўкі ў кіраўніцтве полк не паведамляў.
- Полк імя Кастуся Каліноўскага — вайсковае фармаваньне ў складзе УСУ, створанае ў сакавіку 2022 году. Полк складаецца з двух батальёнаў — «Волат» і «Літвін». У шэрагах падразьдзяленьня ваююць грамадзяне Беларусі. Галоўная мэта палку Каліноўскага — «Вызваленьне Беларусі праз вызваленьне Украіны», — нагадвае УНІАН.
- Полк Каліноўскага бярэ актыўны ўдзел у баях на фронце і нясе страты, як і любое іншае баявое падразьдзяленьне УСУ.