Зварот Фіца быў прысьвечаны Дню сьвятых Кірылы і Мяфодзія — дзяржаўнаму сьвяту ў Славаччыне. Падчас звароту ён, у прыватнасьці, заявіў, што хацеў бы далучыцца да прэмʼера Вугоршчыны Віктара Орбана падчас ягоных візытаў у Кіеў і Маскву.
«Я хачу выказаць сваё захапленьне вугорскаму прэмʼеру за тое, што ён без ваганьняў адправіўся ў Кіеў і Маскву. Калі б стан майго здароўя дазваляў мне ехаць, я б з задавальненьнем далучыўся да яго», — заявіў Фіца.
Прэмʼер таксама адзначыў, што «мірных ініцыятываў ніколі не бывае дастаткова».
Акрамя таго, Фіца раскрытыкаваў лібэральную ідэалёгію, якая, паводле яго, «распаўсюджваецца як рак».
«Я не хачу, каб Славаччына належала да краінаў, якія ствараюць карыкатуру на заходнія каштоўнасьці», — сказаў прэмʼер. Ён удакладніў, што канстытуцыю краіны ня будуць мяняць дзеля «модных павеваў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Орбан пасьля Кіева прыехаў у Маскву. У Эўразьвязе заявілі, што ён ня мае мандату на перамовы аб Украіне- На прэмʼера Славаччыны напалі 15 траўня ў горадзе Гандлава, дзе праходзіла выязное паседжаньне кабінэту міністраў. 71-гадовы Юрай Цінтула паклікаў Фіца на вуліцы і стрэліў у яго некалькі разоў. Цынтулу затрымалі на месцы, свой учынак ён патлумачыў нязгодай з палітыкай ураду.
- 2 ліпеня прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан у часе свайго першага за 12 гадоў візыту ў Кіеў прапанаваў прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму забясьпечыць спыненьне агню для правядзеньня мірных перамоваў.
- Зяленскі пазьней пракамэнтаваў прапанову Орбана, заявіўшы, што разглядаць пытаньне аб спыненьні агню немагчыма па-за кантэкстам тэмаў і пазыцыяў на перамовах. Ён адзначыў, што казаў Орбану пра вялікую колькасьць перамоваў з Расеяй з 2014 году, у часе якіх дамаўляліся пра спыненьне агню, але расейскі бок парушаў гэтыя дамоўленасьці і адзначыў, што Ўкраіна «ня можа проста давяраць Пуціну».
- 5 ліпеня прэмʼер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан наведаў Маскву і сустрэўся з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Па выніках перамоваў Пуцін паўтарыў свае тэзісы наконт умоваў для пачатку мірных перамоваў, уключаючы вывядзеньне ўкраінскіх войскаў з захопленых Расеяй тэрыторыяў Украіны. Орбан жа заявіў, што бачыць вялікую розьніцу ў падыходах да мірнага ўрэгуляваньня паміж бакамі ваеннага канфлікту.
- Эўразьвяз заявіў, што Орбан не ўпаўнаважаны весьці перамовы з Крамлём ад імя Брусэля. Прэмʼер пры гэтым паведаміў, што паехаў у Маскву як кіраўнік вугорскага ўраду зь «міратворчай місіяй».