6 ліпеня ў Літве адзначаецца нацыянальнае сьвята — Дзень дзяржавы (Дзень каранацыі Міндоўга, першага князя ВКЛ). У ноч напярэдадні невядомыя апаганілі помнік Міндоўгу ў Вільні, паведамляе Delfi.lt.
Паводле зьвестак Дэпартамэнту паліцыі Літвы, факт апаганеньня помніка быў зафіксаваны 6 ліпеня а 2-ой гадзіне ночы. На помніку, чырвонай фарбай па-беларуску было напісана «Вільня Наша».
Паліцыя пачала расьсьледаваньне па факце псаваньня або зьнішчэньня чужой маёмасьці. За такое парушэньне пагражаюць грамадзкія працы, штраф, абмежаваньне волі ці пазбаўленьне волі на тэрмін да двух гадоў.
- Фальшывыя відэазвароты нібыта беларускіх вайскоўцаў, пагрозы літоўскім дэпутатам, а таксама беларусам, якія жывуць у Вільні, графіці ў горадзе, дзясяткі акаўнтаў у сацыяльных сетках, якія публікуюць псэўдагістарычныя паведамленьні пра ВКЛ, — усё гэта больш за паўгода непакоіць беларусаў у Літве і турбуе некаторых літоўцаў. У літоўскіх мэдыя гэтыя выпадкі называлі тэрмінам «літвінізм». Беларускія дэмакратычныя сілы, а таксама ўлады Літвы бачаць у гэтым сьляды працы беларускіх і расейскіх спэцслужбаў.
- Пасьля таго, як ў сакавіку 2024 году правакацыі выйшлі ў адкрытую гарадзкую прастору і ў Вільні зьяўвіліся графіці з надпісамі, літаральны сэнс якіх — «Літвіны ідуць!», у Дэпартамэнце дзяржаўнай бясьпекі Літвы Свабодзе пацьвердзілі, што падобныя графіці ствараюцца на замову.
- Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі заявіў, што не знайшоў арганізаваных груп літвіністаў, якія пагражаюць краіне. На думку ведамства, «такая дзейнасьць адпавядае асаблівасьцям псыха-інфармацыйных апэрацый, арганізаваных варожымі Літве дзяржавамі і накіраваных на стварэньне панікі ў грамадзтве краіны».
- Свабода раней выпусьціла вялікае расьсьледаваньне пра тое, Хто стварае напружанасьць у беларуска-літоўскіх дачыненьнях і пры чым тут «літвінізм»:
- У Літве жыве больш за 60 тысяч беларусаў, дзьве траціны зь іх пераехалі пасьля 2020 году. У апошні час праверкі і патрабаваньні да грамадзян Беларусі, якія хочуць застацца ў гэтай Літве, сталі больш жорсткімі. Многія адзначаюць праблемы з атрыманьнем візаў, рызыку непадаўжэньня або ануляваньня ДНЖ, прызнаньне «пагрозай нацыянальнай бясьпекі» праз тое, што ў мінулым чалавек служыў у беларускім войску або працаваў у дзяржаўнай установе. У 2023 годзе «пагрозай нацыянальнай бясьпецы» палічылі больш за тысячу беларусаў, большасьці зь якіх адмовілі ў ДНЖ.