Новым прэзыдэнтам Ірану стаў рэфарміст Масуд Пэзэшкіян

Масуд Пэзэшкіян

У другім туры прэзыдэнцкіх выбараў у Іране перамог заканадаўца-рэфарміст Масуд Пэзэшкіян, паведамляе агенцтва IRNA.

Пэзэшкіян атрымаў амаль 16,4 мільёна галасоў, ягоны супернік — прыхільнік жорсткай лініі Саід Джалілі — больш за 13,5 мільёнаў. У першым туры, які прайшоў тыдзень таму, перавага Пэзэшкіяна складала менш за мільён галасоў. Жанчынам і радыкальным апазыцыянэрам балятавацца забаронена.

69-гадовы Пэзэшкіян, былы кардыяхірург і міністар аховы здароўя, быў чальцом парлямэнту Ірану з 2008 году і віцэ-сьпікерам — з 2016 па 2020 год, калі памяркоўныя і рэфармісты мелі большасьць у заканадаўчым органе.

Выступае за дыялёг Тэгерану з Захадам і аднаўленьне ядзернага пагадненьня ў надзеі пакласьці канец санкцыям, якія падарвалі эканоміку Ірану.

Ён ставіў пад сумнеў іранскія мэтады прымусовага нашэньня хіджабу (ісламскай хусткі для жанчын) і падчас перавыбарчай кампаніі абяцаў перагледзець дзеяньні паліцыі нораваў, якая навязвае жанчынам строгі дрэс-код, — ён называў гэта «амаральным».

Хоць яго лічаць рэфармістам, у той жа час Пэзэшкіян таксама падтрымлівае прынцыпы Ісламскай Рэспублікі і заявіў, што ў выпадку абраньня будзе прытрымлівацца палітыкі Хамэнэі.

Вынікі выбараў наўрад ці прывядуць да істотных зьменаў у іранскай палітыцы. Прэзыдэнт у Іране зьяўляецца часткай ураду зь вельмі абмежаванымі паўнамоцтвамі і ня мае вялікага ўплыву на многія ключавыя рашэньні, але ён усё ж можа ўплываць на тон адносінаў з заходнімі краінамі.

У гісторыі Ірану другі тур прэзыдэнцкіх выбараў здараўся ўсяго раз — у 2005 годзе. Права галасаваць на прэзыдэнцкіх выбарах мелі больш за 61 мільён іранцаў. На ўчасткі ў пятніцу, 5 ліпеня, прыйшла толькі палова зь іх. Апазыцыя заклікала байкатаваць выбары, называючы іх цыркам. У апошнія тыдні іранцы шырока выкарыстоўвалі хэштэг #ElectionCircus у сацсетках.

Агенцтва Mehr адзначае, што галасаваньне працягвалася на 6 гадзін даўжэй, чым прадугледжаны Канстытуцыяй 10-гадзінны пэрыяд галасаваньня.

Пазачарговыя выбары былі прызначаныя пасьля гібелі ў авіякатастрофе прэзыдэнта Ірану Ібрахіма Раісі ў траўні 2024 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якімі могуць быць наступствы гібелі прэзыдэнта Ірану Раісі для сьвету, рэгіёну і Беларусі? Тлумачэньне экспэрткі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іранская праваабаронца Шырын Эбадзі: «Сьмерць прэзыдэнта Раісі азначае, што ён пазьбегне суду за свае злачынствы»