Як і чакалася, у яго ўвайшлі галоўным чынам дэпутаты Палаты грамадаў, якія ўваходзілі раней у так званы ценявы кабінэт, складзены лейбарыстамі, калі тыя былі ў апазыцыі.
У праграме лейбарыстаў — перш за ўсё сацыяльныя праблемы, увага ў ёй аддаецца рэформам у сфэры адукацыі і аховы здароўя. Зьнешняя палітыка Вялікай Брытаніі, як чакаецца, у цэлым захавае пераемнасьць, у тым ліку і ў пытаньні падтрымкі Ўкраіны.
- Канцлеркай казначэйства (аналяг міністра фінансаў) — гэтая пасада лічыцца адной з 4 найважнейшых пасадаў у Вялікай Брытаніі — прызначаная Рэйчэл Рыўз. Брытанскія СМІ зазначаюць, што ўпершыню за 800-гадовую гісторыю існаваньня пасады канцлера яе заняла жанчына.
- Віцэ-прэмʼеркай прызначаная Анджэла Райнэр, намесьніца Стармэра ў партыі.
- Пэт Макфадэн прызначаны канцлерам герцагства Ланкастэр, фармальна гэта другі пасьля прэмʼер-міністра пост у кабінэце.
- Пасаду міністра замежных спраў заняў Дэвід Лэмі. Джон Хілі ўзначаліў Міністэрства абароны, Івэт Купэр — Міністэрства ўнутраных спраў.
Украінскія СМІ адзначаюць, што Лэмі і Хілі раней, будучы чальцамі ценявога кабінэту, наведвалі Кіеў і адзначалі, што выступаюць у падтрымку Ўкраіны.
Раней сёньня Стармэр афіцыйна ўступіў на пасаду прэмʼер-міністра Вялікай Брытаніі, атрымаўшы мандат на фармаваньне ўраду на аўдыенцыі ў Карла III. Выступаючы ля рэзыдэнцыі прэмʼера на Даўнінг-стрыт, 10 са сваёй першай прамовай у якасьці кіраўніка брытанскага кабінэта, Стармэр, сярод іншага, падкрэсьліў, што ягоны ўрад будзе працаваць у інтарэсах усіх брытанцаў, незалежна ад таго, каго кожны зь іх падтрымаў на выбарах.
«Нашая краіна рашуча прагаласавала за перамены і вяртаньне палітыкі на службу народу», — сказаў ён. Адначасова ён падзякаваў экс-прэмʼеру Рышы Сунаку, адзначыўшы ягоную «адданасьць справе і ўпартую працу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Будучы прэмʼер Брытаніі абяцае, што «зьмены пачнуцца зараз», але ня ў справе падтрымкі Ўкраіны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вялікай Брытаніі на парлямэнцкіх выбарах перамагаюць лейбарысты на чале з Кірам Стармэрам