«Лявада-цэнтар»: 34% апытаных расейцаў ухваляюць ядзерны ўдар па Ўкраіне

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Выбух першай савецкай ядзернай бомбы, 29 жніўня 1949 году

Больш за траціну расейцаў ухвалілі б ядзерны ўдар па Ўкраіне, вынікае з вынікаў чэрвеньскага апытаньня «Лявада-цэнтру».

Паводле гэтага апытаньня, 10% рэспандэнтаў «пэўна падтрымліваюць» выкарыстаньне ядзернай зброі ў вайне з Украінай, яшчэ 24% лічаць яго «хутчэй мэтазгодным».

Адзначаецца, што доля прыхільнікаў такога ваеннага рашэньня павялічылася за апошні год на 5 адсоткавых пунктаў і стала рэкорднай з пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Пры гэтым супраць выкарыстаньня ядзернай зброі ў вайне з Украінай па-ранейшаму большасьць — 52% апытаных.

Агулам узровень падтрымкі дзеяньняў расейскіх узброеных сілаў ва Ўкраіне застаецца высокім: 44% — безумоўна падтрымліваюць, 33% — хутчэй падтрымліваюць. Не падтрымліваюць — у сукупнасьці 17% расейцаў.

У чэрвеньскім апытаньні «Лявада-цэнтру» ўпершыню за паўгода зафіксаваны прыкметны рост колькасьці расейцаў — прыхільнікаў мірных перамоваў з Украінай. За гэта выказаліся 58% рэспандэнтаў. Як адзначаюць сацыёлягі цэнтру, гэта максымальны паказчык з пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі з Украінай.

Ранейшыя пікі прыпадалі на кастрычнік 2022 году і лістапад 2023 году — па 57%. Пры гэтым 37% апытаных у чэрвені сёлета лічаць, што ваенныя дзеяньні супраць Украіны трэба працягваць.

За мінулы год амаль не зьмянілася думка расейцаў пра тое, хто больш зацікаўлены ў мірных перамовах. Сёньня, як і год таму, каля 40% апытаных лічаць, што ў першую чаргу зацікаўленая Расея, амаль кожны чацьвёрты мяркуе, што Ўкраіна, і каля 30% апытаных — што абодва бакі ў роўнай ступені.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін: Расеі няма неабходнасьці выкарыстоўваць ядзерную зброю для перамогі ва Ўкраіне

Раней Уладзімір Пуцін заявіў, што думае пра магчымыя зьмены ў расейскай ядзернай дактрыне, якая на цяперашні момант прадугледжвае выкарыстаньне ядзернай зброі ў адказ на ядзерны напад на Расею замежнай дзяржавы, а таксама ў выпадку няядзернага нападу на РФ, які стварае пагрозу «самому існаваньню дзяржавы».