У Дзяржаўным камітэце нацыянальнай бясьпекі Кіргізстану паведамілі аб спыненьні дзейнасьці «дэструктыўнай групоўкі», якая плянавала сілавы захоп улады.
Як паведаміла кіргіская служба Радыё Свабода, арыштавалі пяць чалавек, якіх абвінавацілі ў плянаваньні «гвалтоўнага захопу ўлады і дэстабілізацыі грамадзка-палітычнай сытуацыі шляхам арганізацыі масавых беспарадкаў з гібельлю грамадзян».
«Групоўка складаецца з асоб, якія падтрымлівалі ідэалёгію крыміналітэту і фанатычна прытрымліваліся рэлігійнай ідэалёгіі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
У часе ператрусаў па месцы жыхарства затрыманых і ў іхных аўтамабілях знайшлі кампанэнты для самаробных выбуховых прыстасаваньняў, агнястрэльную зброю, боепрыпасы, рацыі, бронекамізэлькі, уніформу супрацоўнікаў праваахоўных органаў, дроны, экстрэмісцкую літаратуру, а таксама іншыя забароненыя прадметы, паведамілі ўлады.
Кіргіская служба Радыё Свабода зьвярнула ўвагу на тое, што ў спэцслужбе не ўдакладнілі інфармацыю пра рэгіён і час затрыманьня падазраваных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Таджыкістане арыштавалі дэпутата парлямэнту паводле абвінавачаньня ў спробе захопу ўладыУ сярэдзіне чэрвеня ў Таджыкістане арыштавалі дэпутата парлямэнту праз абвінавачаньне ў спробе захопу ўлады. Саідджафар Усманзада, дэпутат парлямэнту і колішні старшыня Дэмакратычнай партыі Таджыкістану, пазбаўлены дэпутацкай недатыкальнасьці і арыштаваны праз абвінавачаньне ў «змове з мэтай захопу ўлады».