У Гомлі 4 ліпеня праз моцную непагадзь пашкоджаныя дахі дамоў, паваленыя дрэвы і платы, паведаміў кіраўнік абласнога цэнтру Ўладзімер Прывалаў у сваім тэлеграм-канале.
«...Паваленыя дрэвы пашкодзілі прыпаркаваныя побач машыны. Адзін дом аказаўся затопленым: вада з прычыны забітай ліўнеўкі з вуліцы лінула ў жыльлё. Работнікі МНС апэратыўна выехалі па паведамленьні для адкаткі вады», — напісаў Прывалаў.
Ён падкрэсьліў, што абышлося без ахвяраў. Аварыйныя брыгады ЖКГ расчышчаюць праезды, прыбіраюць паваленыя дрэвы, а гарадзкія службы працягваюць працаваць ва ўзмоцненым рэжыме.
На 5 ліпеня ў Беларусі аб’явілі аранжавы ўзровень небясьпекі з прычыны навальніц і моцных ліўняў, якія пройдуць на большай частцы тэрыторыі краіны, паведамілі БелТА ў Белгідрамеце. Уначы і раніцай у асобных раёнах згусьціцца слабы туман. Тэмпэратура паветра ноччу складзе плюс 11-17 градусаў, а днём — 19-25 градусаў цяпла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За пяць дзён у Беларусі перапісана больш за 50 тэмпэратурных рэкордаў, у тым ліку 1917 году ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі анамальная сьпёка. 28 чэрвеня зафіксавалі 10 тэмпэратурных рэкордаў