Францыя ўвяла падатковыя контрасанкцыі супраць Беларусі ў адказ на частковае прыпыненьне Беларусьсю з 1 чэрвеня пагадненьняў аб перадухіленьні падвойнага падаткаабкладаньня, паведамляе Міністэрства па падатках і зборах.
Згодна з сакавіцкай пастановай Савету Міністраў Беларусі № 164, Беларусь з 1 чэрвеня да 31 сьнежня 2026 году часткова прыпыніла дзеяньне пагадненьняў аб перадухіленьні падвойнага падаткаабкладаньня з наступнымі «недружалюбнымі краінамі»: Аўстрыя, Баўгарыя, Бэльгія, Вялікая Брытанія, Вугоршчына, Гішпанія, Данія, ЗША, Ірляндыя, Італія, Кіпр, Латвія, Літва, Паўночная Македонія, Нідэрлянды, Нямеччына, Польшча, Румынія, Славаччына, Славенія, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швайцарыя, Швэцыя, Эстонія.
Прыпыненае дзеяньне не саміх пагадненьняў агулам, а толькі некаторых іх палажэньняў — пра выплату дывідэндаў, працэнтаў і даходаў ад даўгавых патрабаваньняў і ад адчужэньня маёмасьці кампаніямі з «чорнага сьпісу».
Цяпер Францыя ў адказ увяла такія ж абмежаваньні ў дачыненьні да Беларусі на працягу аналягічнага пэрыяду (да 31 сьнежня 2026 году).
Раней сымэтрычныя абмежаваньні ў адказ на дзеяньні Беларусі ўвяла Чэхія. Вялікая Брытанія ў адказ на санкцыі заявіла, што падобныя аднабаковыя дзеяньні недапушчальныя, і папрасіла Беларусь адмяніць свае дзеяньні.
Пагадненьні аб перадухіленьні двайнога падаткаабкладаньня ў Беларусі раней былі заключаныя больш як з 70 краінамі, сярод іх — Польшча і Літва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь увяла зьмены па падатковых пагадненьнях з шэрагам «недружалюбных» краін. Адна зь іх увяла контрсанкцыі