Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што разглядаць пытаньне аб спыненьні агню немагчыма па-за кантэкстам тэмаў і пазыцыяў на перамовах.
«У вайне мы ня можам проста так гаварыць пра спыненьне агню. Для мяне і для нашых людзей патрэбны плян. Мы ня можам проста давяраць Пуціну. Мы яму ў прынцыпе ня можам давяраць больш, бо для нас ён забойца і агрэсар. Важна, што Вугоршчына прызнае, што Расея — агрэсар. Важна, што краіна прызнае сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію агенцтву Bloomberg.
Прэзыдэнт Украіны паведаміў, што расказаў прэм’ер-міністру Вугоршчыны пра вялікую колькасьць перамоваў з Расеяй з 2014 году, у часе якіх дамаўляліся пра спыненьне агню, але расейскі бок парушаў гэтыя дамоўленасьці.
«Таму — толькі калі гэта будзе на міжнароднай зразумелай пляцоўцы, у прысутнасьці лідэраў краін, якім давяраюць. Яны могуць мець розныя думкі, розныя погляды наконт этапаў заканчэньня вайны. Але мы ўсе павінны быць на адным баку — мы павінны давяраць адзін аднаму, і гэта вельмі важна», — падкрэсьліў Уладзімір Зяленскі.
Паводле яго, Саміт міру, які нядаўна адбыўся ў Швайцарыі, прадэманстраваў, што можна рухацца менавіта паводле такога сцэнару.
«Спыненьне агню патрабуе вельмі дакладнага пляну. Мы павінны разумець, што Расея ня будзе гэта выкарыстоўваць для таго, каб назапашваць тэхніку на нашай тэрыторыі, якую яны акупавалі, бо мы іх ня зможам спыняць ударамі. Яны могуць сабраць моцны кулак, а пасьля гэтага абвінаваціць нас, як гэта ўжо было, што мы парушылі рэжым спыненьня агню, і пачаць яшчэ адно ўварваньне», — патлумачыў Уладзімір Зяленскі.
У гэтым кантэксьце ён нагадаў, як Расея ўварвалася ў лютым 2022 году з тэрыторыі Беларусі — там былі сабраныя вялікія вайсковыя сілы, якія дайшлі амаль да ўкраінскай сталіцы.
«Беларусь нам пастаянна расказвала, што гэта вучэньні, ніякай акупацыі няма. Гэта проста трэніроўка, вайсковыя спаборніцтвы. То бок я не хачу такой бяды для сваёй краіны. У вайне даць такую перавагу Расеі сёньня — гэта проста немагчыма. Мы павінны быць разумнымі. І яшчэ — хто за гэта будзе несьці адказнасьць, апроч украінцаў сваім жыцьцём, якая краіна? Гэта вельмі проста — дамовіцца пра спыненьне агню, і вельмі складана яго трымаць, і вельмі складана потым знайсьці таго, хто будзе адказваць за тое, што яго сарвалі», — падкрэсьліў Уладзімір Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны дадаў, што таксама вельмі важна, што будзе пасьля спыненьня агню і ці выведзе Расея свае войскі з тэрыторыі Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Орбан прапанаваў Зяленскаму спыніць агонь і пачаць мірныя перамовы2 ліпеня прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан у часе свайго першага за 12 гадоў візыту ў Кіеў прапанаваў прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму забясьпечыць спыненьне агню для правядзеньня мірных перамоваў.
«Мір — гэта важнае пытаньне. Вайна, у якой вы цяпер жывяце, вельмі інтэнсіўна ўплывае і на бясьпеку Эўропы. Мы вельмі цэнім усе ініцыятывы спадара Зяленскага для дасягненьня міру. Я расказаў, што гэтыя ініцыятывы патрабуюць шмат часу. І менавіта праз правілы міжнароднай дыпляматыі яны вельмі складаныя. Я папрасіў Зяленскага падумаць пра тое, ці не маглі б зрабіць інакш: спачатку спыніць агонь, а потым весьці перамовы пра мір. Таму што спыненьне агню магло б прыскорыць тэмп гэтых перамоваў», — сказаў Віктар Орбан пасьля перамоваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мінабароны Беларусі заявілі, што ўкраінцы на мяжы рыхтуюць праходы для дывэрсантаў. Што адказвае Ўкраіна- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
- У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
- Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
- Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.