Расейскія войскі ўдзень 3 ліпеня нанесьлі авіяўдар кіраванымі бомбамі па Кіеўскім раёне горада Харкава. Паводле апошніх зьвестак, у выніку атакі раненьні атрымалі 14 чалавек, у тым ліку немаўля, паведаміў кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў.
«У немаўляці рэзаная рана галавы, агульны стан сярэдні. У паловы пацярпелых дарослых стан сярэдні, у астатніх — лёгкі», — удакладніў Сінягубаў.
Яшчэ сярод параненых — 8-гадовы хлопчык, яго ратавальнікі дасталі з-пад завалаў разбуранага прыватнага дома, паведамляе мэр Харкава Ігар Церахаў.
Таксама ў выніку авіяўдару пашкоджаныя шматпавярховыя і прыватныя дамы, памяшканьне пошты, СТА і аўтамабілі, паводле інфармацыі Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны.
У Харкаўскай абласной пракуратуры заявілі, што авіяўдар па Кіеўскім раёне Харкава быў нанесены бомбамі УМПБ Д-30 зь Белгарадзкай вобласьці.
Расейскі бок авіяўдар па Харкаве не камэнтаваў.
Раніцай 3 ліпеня расейскія войскі нанесьлі камбінаваны ўдар з выкарыстаньнем ракет і дронаў па Дніпры. Паводле апошняй інфармацыі, 5 чалавек загінулі і 47 атрымалі раненьні. Сярод загінулых — 14-гадовая дзяўчынка.
Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць украінскія рэгіёны, у прыватнасьці Харкаў і вобласьць, рознымі відамі ўзбраеньня — ударнымі БПЛА, ракетамі, кіраванымі авіяцыйнымі бомбамі, рэактыўнымі сыстэмамі залпавага агню. Нягледзячы на доказы і сьведчаньні, Масква адмаўляе мэтанакіраваны напад на мірных жыхароў з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея нанесла ўдар ракетамі і дронамі па Дніпры. Ёсьць ахвяры і параненыя