Школьнік зь Берасьця стаў пераможцам Эўрапейскай геаграфічнай алімпіяды

Мікалай Місіюк зь Берасьця, яки стаў абсалютным пераможцам Эўрапейскай геаграфічнай алімпіяды ў Сэрбіі

Школьнік зь Берасьця Мікалай Місіюк стаў абсалютным пераможцам Эўрапейскай геаграфічнай алімпіяды (EGEO-2024) у Сэрбіі. Агулам беларускія школьнікі зарабілі на алімпіядзе пяць мэдалёў.

Вучань гімназіі № 2 Берасьця Мікалай Місіюк стаў абсалютным пераможцам EGEO-2024, паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал Берасьцейскага гарвыканкаму.

У алімпіядзе разам зь ім агулам удзельнічалі 200 школьнікаў з 11 краінаў: Баўгарыі, Босьніі і Герцагавіны, Даніі, Казахстану, Літвы, Расеі, Румыніі, Славеніі, Сэрбіі і Чэхіі.

Як удакладняе Мінадукацыі Беларусі, сярод мэдалістаў былі і іншыя беларусы.

Фота беларускіх мэдалістаў, якое апублікавала Мінадукацыі

Залатыя мэдалі на дзясятай Эўрапейскай геаграфічнай алімпіядзе ў Сэрбіі заваявалі навучэнец гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І. Алфёрава Вадзім Ігнаценка і навучэнка СШ № 18 Баранавічаў Аляксандра Багданава.

Срэбны мэдаль атрымаў Станіслаў Брадніцкі зь сярэдняй школы № 5 Пружанаў, бронзу — навучэнец сярэдняй школы № 118 Менску Аляксей Клімко.

Алімпіяду EGEO-2024 заснавалі ў 2015 годзе. Спаборніцтвы праводзяцца паміж навучэнцамі ад 12 да 19 гадоў, падзеленымі на дзьве ўзроставыя групы. Афіцыйная мова алімпіяды — ангельская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 636 выпускнікоў атрымалі максымальныя 100 балаў. Сталі вядомыя вынікі ЦЭ ў Беларусі